У Кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень» плануецца арганізаваць высокатэхналагічную вытворчасць на аснове беларускага лёну. Пра гэта паведаміў сёння журналістам намеснік міністра эканомікі Беларусі Аляксандр Ярашэнка ў час кітайска-беларускага форуму па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з правінцыяй Цынхай (КНР).

Адно са знакавых пагадненняў, якое было падпісана сёння на форуме, — аб супрацоўніцтве паміж Адміністрацыяй Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень», ААТ «Цынхайская група Sunglow» і СЗАТ «Кампанія па развіцці індустрыяльнага парка» ў галіне медыцыны, тэкстылю і фотаэлектрычнасці. «Плануецца развіваць вытворчасць, асновай якой будзе беларускі лён. Кітайскі бок гатовы разгледзець магчымасці фінансавання пасеваў, уборкі лёну, каб атрымліваць з гэтай прадукцыі лекавыя прэпараты па кітайскіх тэхналогіях, а таксама экспартаваць гэты прадукт, у тым ліку перапрацаваны ў выглядзе льнянога алею, у КНР», — растлумачыў Аляксандр Ярашэнка.

Намеснік міністра адзначыў, што акцэнт у індустрыяльным парку плануецца зрабіць на стварэнні высокатэхналагічных вытворчасцей інавацыйнай прадукцыі, каб яны далі штуршок развіццю беларускай эканомікі і прасоўванню прадукцыі на еўразійскі, еўрапейскі і іншыя рынкі.

Яшчэ адзін перспектыўны напрамак, які плануецца актыўна развіваць, - гэта лагістыка. «Мы цудоўна разумеем, што прыход кітайскага тавару ў Беларусь і наадварот будзе эканамічна выгадным, калі будзе наладжана менавіта тая лагістыка, якая дасць магчымасць мінімізаваць выдаткі паставак. Таму ў лагістыцы ў тым ліку заключаецца аснова нашага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва», — растлумачыў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?