Выбітны беларускі транспантолаг Алег Румо стаў удзельнікам праграмы «Буйным планам» на тэлеканале «Беларусь-1».

Сярод іншага, доктар расказаў пра сваю грамадска-палітычную дзейнасць. У 2010 годзе Алег Румо ён стаў даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі.

«Перадвыбарная кампанія - гэта барацьба. Як толькі я стаў даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі, з маладога доктара, які ўсім падабаецца, ўсіх задавальняе і хоча толькі палепшыць стан медыцыны і зрабіць шмат добрых аперацый… Я пачаў даведвацца пра сябе і сваіх блізкіх разнастайныя падрабязнасці, — расказваў Румо, — Калі ты бачыш, што людзі кажуць абсалютную няпраўду, і табе хочацца [спытаць - «НН»], ну як яны так могуць? Ну пазванілі б, спыталі. Гэта жыццё, да гэтага трэба быць падрыхтаваным…»

Вядучы БТ Марат Маркаў спытаў пра візавыя санкцыі - маўляў, ці не абсурд, што ў «чорныя спісы» трапілі «і журналісты, і дактары». Насамрэч Еўрасаюз адмовіўся пускаць на сваю тэрыторыю некалькіх галоўных прапагандыстаў, а таксама доктара Віктара Сірэнку, які выдаў гэбістам збітага Уладзіміра Някляева і неўзабаве пайшоў на павышэнне.

«Зразумела, што санкцыі — поўнае глупства, гэта лухта зялёная», — пераканы Румо.

Ён прывёў прыклад, што пасля 2010 года да яго з просьбай аб дапамозе прыязджалі многія пацыенты, не толькі з краін СНД.

«Чым жа тады маленькая Беларусь вам насаліла? Вы ж прыязджаеце і просіцеся. За што вы хочаце кагосьці ад чагосьці адхіліць? Што за гэта людзі, якія вам так перашкаджаюць? Што яны, кагосьці забілі ці з кагосьці здзекаваліся?» — не разумее Румо.

* * *

Алег Румо

Нарадзіўся 26 ліпеня 1970 года ў Слуцку ў сям'і медыкаў.

Кіраўнік РНПЦ «Трансплантацыя органаў і тканак», намеснік галоўнага ўрача па хірургічнай рабоце 9-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска, заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь, доктар медыцынскіх навук

Правёў першую ў Беларусі аперацыю па перасадцы печані, якая працягвалася 12 гадзін.

Сябар грамадскай рады пры Міністэрстве ўнутраных спраў. Адзіны доктар, які атрымаў надзел для будаўніцтва катэджа ў «Драздах-2» побач з міністрамі, сілавікамі і некалькімі мастакамі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?