Беларуская чыгунка з 15 ліпеня больш чым у два разы знізіла кошт праезду па трох маршрутах у зносінах з Польшчай, паведамілі ў прэс-службе БЧ. 

«З мэтай павышэння канкурэнтаздольнасці і прывабнасці міжнародных пасажырскіх перавозак Беларуская чыгунка па ўзгадненні з чыгуначнай адміністрацыяй Польшчы з 15 ліпеня ўводзіць фіксаваны кошт праезду на цягніках па маршрутах Гродна — Беласток, Гродна — Элк, Гродна — Малкінія», — адзначыла прэс-служба. 

У выніку тарыфны кошт праязных дакументаў ад Гродна да Беластока і назад паменшыцца ў 2,4 разу і складзе 120.155 беларускіх рублёў пры куплі ў касах БЧ або 7 еўра пры куплі за мяжой. Праезд ад Гродна да Элка стане танней у 2,7 разу і складзе 171.650 рублёў (за мяжой — 10 еўра), ад Гродна да Малкініі — у 2,5 разу і таксама складзе 171.650 рублёў (10 еўра). 

Цяпер па названых маршрутах курсіруюць дзве пары цягнікоў — № 193/196 Гродна — Малкінія, № 191/192 Гродна — Элк.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0