З 13 па 15 ліпеня ў Мінску праходзіла канферэнцыя Mobile Optimized, найвялікшая ІТ-канферэнцыя такога кшталту ва Усходняй Еўропе. Увечары апошняга дня маладыя распрацоўшчыкі прадставілі на адкрытай выставе свае гульні.

Усе звыклі, што беларусы робяць «танчыкі» — у гульні кампаніі Wargaming гуляе сотня мільёнаў чалавек па ўсім свеце. Нядаўна ў продажы з’явіўся іншы вялікі праект беларусаў, «Легенды Айзенвальда». Але мноства беларускіх праграмістаў і дызайнераў робяць невялічкія праекты — каманды па пару чалавек ствараюць паўнавартасныя гульні, некаторыя з якіх маюць сур’ёзныя шанцы на лакальны, а то і сусветны поспех.

Некаторыя праекты ўжо выйшлі, некаторыя выйдуць у хуткім часе. Усе гульні бясплатныя — сёння ў невялікіх праектах прынята зарабляць на пакупках у саміх гульнях альбо проста на рэкламе.

Crash of Bones

Спампаваць для Android

Трохмерная «мульцяшная» гульня нагадвае арканойд — трэба адбіваць героем-платформай шарык, каб разбіць блокі. Але ў гэтай гульні ёсць сюжэт — у рыцара скралі прынцэсу, яму трэба сабраць грошы-зорачкі на выкуп. У асноўным гульню зрабіў адзін чалавек, але не без дапамогі сваёй каманды і фрылансераў. Пакуль яна ёсць толькі для Android (у Play Store яе выпусцілі толькі ў дзень канферэнцыі), але аўтар плануе выпусціць і для іншых платформ, у тым ліку для «разумных тэлевізараў». Што цікава, у гульні ёсць і беларускамоўны інтэрфейс.

Sea Dogs

Гуляць «УКантакце»

Многія «дзеці 90-х» гулялі ў «Карсараў», але марская тэма з тых часоў рэдка ўздымалася ў гульнях — сённяшняя моладзь плавае ў свежых World of Warships. Марскую тэму ажыўляюць тры мінчаніна з Indigo Bunting — у іх свеце ў марскіх баталіях сустракаюцца вікінгі, індэйцы і пірацкі альянс. Нядоўгія баталіі па 5-10 хвілін адбываюцца між рэальнымі гульцамі ў сацсетках (гульцоў прыходзіць больш за тысячу чалавек на дзень), караблі можна паляпшаць, перафарбоўваць, адкрываць новыя. Выпускаць гульню на мабільныя аўтары пакуль не збіраюцца — зашмат трэба грошай на раскрутку, а «УКантакце» канкурэнцыя пакуль не такая вялікая, гульцы знаходзяць гульню самі. Праз пэўны час гульня з’явіцца на Facebook і ў «Аднакласніках».

Fantastic Pie

Паглядзець трэйлер на сайце

Студыя Digital Gravitation пахвалілася гульнёй, падобнай да Fruit Ninja: па экране лётаюць прадукты харчавання, іх трэба «наразаць» пальцамі. Але ў іх Fantastic Piе, зробленай сіламі чатырох чалавек, трэба не проста рэзаць фрукты — трэба згатаваць пірог. Некаторыя фрукты трэба разразаць на чатыры часткі, некаторыя чысціць. Што важна, сваімі пірагамі гульцы могуць дзяліцца ў сацсетках, віншаваць такімі «віртуальнымі паштоўкамі» сяброў. Гульня разлічаная хутчэй на жанчын 25-40 год, якія любяць простыя казуальныя гульні, але хочуць нешта крыху больш складанае. Fantastic Pie пакуль не выйшла, гатовая прыкладна на 80%. Распрацоўшчыкі хочуць выйсці на сусветны рынак і ў прыватнасці на ЗША, але шукаюць для гэтага інвестараў — на адных пастах карыстальнікаў у сацсетках раскруціцца цяжка.

I Hate Bears

«У чым сутнасць: ёсць маленькае белае пухнатае зайчаня, ніхто не любіць маленькіх пухнатых зайчанятак, а ёсць плюшавыя мядзьведзікі, якіх людзі любяць больш, — жвава распавядае распрацоўшчык, які зрабіў яе з двума сябрамі за пару дзён. — Зайчаню надакучыла, што ўсе любяць мядзведзікаў, ён дастаў нож і пайшоў іх рэзаць. А мы мусім выратаваць мядзведзікаў». Аўтар кажа, што гульня хоць і кіруецца адным пальцам, але будзе даволі складанай, на ўзроўні Flappy Bird. Пакуль аўтар не вырашыў, як канкрэтна зарабіць на такой ідэі — збіраецца ўставіць невялічкую рэкламу, што не будзе замінаць гуляць. «Захацелася — проста зрабілі. Бо можам, напэўна», — кажа аўтар пра яе стварэнне. I Hate Bears выйдзе прыкладна праз тыдзень для Android, потым iOS і нават у Amazon Store, можа з’явіцца і для камп’ютара.

Maze Explorers

Праект двух хлопцаў Dark Times пакуль далёкі ад завяршэння — плануецца анлайн-гульня на шмат карыстальнікаў, ды пакуль пагуляць можна толькі адному. «Цёмна, нічога не бачна, страшна… Весела!» — кажа аўтар і называе Maze Explorers «Battlefield’ам з мячом і магіяй у цёмным лабірынце». Калі каманда знойдзе інвестараў, яна гатовая дарабіць праект за год і выпусціць яго на Steam, намеры сур’ёзныя.

Time of Dragons

Згуляць на «УКантакце»

Падпісацца на Steam Greenlight

Каманда 4 I Lab шукае з інвестараў з іншай нагоды: іх гульня ўжо разраслася да такіх маштабаў, яны баяцца, што яго «самі не пацягнуць». Версія для сацсетак ужо гатовая, а вось на распрацоўку і маркетынг Steam-версіі сіл шасці чалавек можа не хапіць. Іх «Час драконаў» нагадвае адначасова MMORPG, ролевую гульню кшталту DoTA і стралялку-дуэль. Гулец-«лётчык» кіруе драконам, кожны дракон мае ўнікальныя асаблівасці і сваю ролю ў камандзе. Найбольш аўдыторыі гульня мае «УКантакце» (там гуляюць да 2,5 тысяч чалавек на дзень), таксама ў яе гуляюць на «Аднакласніках» (там, як ні дзіва, плоцяць больш — аднойчы чалавек накупіў апгрэйдаў на амаль 50 даляраў) і Facebook (нямала гуляюць у Тайландзе, Індыі, Турцыі, Чылі, Бразіліі…). З выпускам на мабільныя прылады пакуль ёсць цяжкасці, прыладзіць кіраванне драконам цяжка. Але распрацоўшчыкі мараць адаптаваць палёты на драконах нават да акуляраў віртуальнай рэальнасці.

Лёгкая, цяжкая і немагчымая гульні студыі Empty Stage

Паспрабаваць дэма гульняў на сайце студыі

Каманда Empty Stage паказала амаль тры гульні: лёгкую, цяжкую і немагчыма цяжкую. Зразумець, як гуляць у Maybe Flat, можа, напэўна, толькі яе аўтар: трэба выкінуць на кубіку лічбы ад 1 да 6, ды кубік існуе ў нейкай 4D-прасторы, складваецца ў лінію ці пункт. Забава хоць і «аднаразовая», але «мозгавыносная», зарабіць на ёй шмат грошай не выйдзе, але проста выпусціць такое — цікава. У больш простай Charming Chammies, што трошкі нагадвае Lines, фрукты трэба не проста перасоўваць пальцамі, а хапаць языкамі хамелеонаў, праводзячы па лабірынце. З праходжаннем узроўні становяцца цяжэйшымі, з’яўляецца больш тыпаў фруктаў, цяжэйшыя лабірынты і больш хамелеонаў. У самай лёгкай гульні кот спрабуе дагнаць птушку, кінуўшыся за ёй з высокага паверха дома. Гульцу трэба дапамагчы кату ўвярнуцца ад перашкодаў і па дарозе сабраць пер’е. «Ён не памірае, ён спускаецца на парашуце — вельмі гуманная гульня!» — смяецца аўтар. Хоць шэсць чалавек у студыі робяць гульні ў вольны ад асноўнай працы час, на сваіх праектах яны плануюць зарабляць: у тым жа «коціку» можна пры жаданні дадаць пакупку касцюмаў для ката і іншыя бонусы. Гульні пакуль не выпушчаныя, але «кубік» ужо гатовы — засталося толькі апісаць, як у яго гуляць.

Беларуска-літвінскія шахматы

Пачытаць пра гульню на сайце распрацоўшчыка

Завітала на выставу і студыя Pras.by, якая паказала… шахматы. Праўда, па незвычайных правілах. Аднойчы ў 1999 годзе прафесар Гарадзенскага ўніверсітэта Алесь Астроўскі прысніў піраміду 9х9, з аднога боку якой стаялі чмялі і пчолы, а з іншага — восы і шэршні. Яны як у шахматах (толькі з лішняй «фігурай») змагаліся за тое, каб узняцца на вяршыню піраміды. Праз некалькі год студыя Pras вырашыла зрабіць з гэтага мадыфікацыю шахмат, дапрацаваць правілы і выпусціць паўнавартасную настольную гульню. У дадатак да настольнай распрацоўваецца і яе камп’ютарная версія. Але асноўны напрамак — фізічныя шахматы, што будуць прадавацца ў танным варыянце (льняная дошка, фігуры з эпаксіднай смалы, цана каля паўмільёна) і дарагой калекцыйнай версіі (дубовыя дошкі і фігуркі ручной работы па цане ад 500 даляраў). Электронная ж версія хутчэй для азнаямлення і падрыхтоўкі да турніру, што мае прайсці ўвосень разам з прэзентацыяй гульні.

Changing The World

Спампаваць для Android

Квадратнага Боба і круглую Алісу разлучылі, а каб закаханыя зноў сустрэліся, гульцу літаральна прыйдзецца змяніць свет: перасоўваць платформы і блокі, каб правесці героя праз узровень з улікам законаў фізікі. Тры чалавекі — праграміст з Мінска, мастачка з Кіева і кампазітар з Манчэстара ўжо выдалі (і нават перавыдалі) гульню для Android. Яны ўжо робяць новую гульню — гатовы прататып, але каманда шукае Unity-праграміста. Яму абяцаюць добрую зарплату: праект камерцыйны, на гульнях каманда плануе сур’ёзна зарабляць.

Tanky Toys

Спампаваць для Adnroid

Аўтар «цацачных танчыкаў» пакуль не думаў, як зарабляць на сваім праекце — гэта сваеасаблівы эксперымент, каб «уліцца ў геймдэв». У гульні з даволі простай графіцы можна «пастраляць» ці аднаму, ці з сябрам па Bluetooth (гулялі ўжо 50 тысяч чалавек). Аўтар працуе над гульнёй сам у вольны час, але шукае дызайнера, каб палепшыць графіку.

Cube Day Z

Згуляць «УКантакце»

Minecraft, Quake, GTA, DayZ — гульня каманды idspe, над якой працавалі два-тры чалавекі, нагадвае многа якія праекты. Аўтары прызнаюць — яна нагадвае Unturned, але мае і свае асаблівасці. У свеце з «квадратнай» графікай гульцам прыйдзецца будаваць базы-сховішчы, каб выжыць у бойках з праціўнікамі і зомбі. У гульні ўжо ёсць 250 прадметаў і пад дзве сотні рэцэптаў для стварэння новых. У хуткім часе з’явяцца і машыны — будзе нават створаная копія мястэчка Сэндзі Шорс з GTA V. Таксама плануецца і рэжым дуэлі «Галодныя гульні». Гульня бясплатная, а каб зарабіць на ёй, аўтары дадалі пакупкі, што не ўплываюць наўпрост на працэс (напрыклад, платным зрабілі чат). Праект пакуль ёсць «УКантакце», пад восень выйдуць версіі для іншых сацсетак і смартфонаў (для iOS яна можа стаць платнай). Гэта не першы праект студыі — у іх стралялку «Голас Прыпяці» згулялі «УКантакце» амаль два з паловай мільёна чалавек.

***

Вядома, гэта далёка не ўсе гульні, што робяць беларусы. Некаторыя прыходзілі проста паглядзець і паслухаць. Некаторыя ж паказвалі свае гульні на выставе, але прасілі пра іх не распавядаць — маўляў, яшчэ не гатовыя, надта раннія версіі.

Як лічыце, ці ёсць сярод вышэй названых будучыя зоркі беларускага ІТ?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?