Парад «кандыдатаў у кандыдаты» працягнуў жыхар Наваполацка Аляксандр Юдаеў. У яго ініцыятыўнай групе 108 чалавек.
«Ёсць пэўныя містычна-гістарычныя падзеі, якія кажуць пра тое, што ўсё можа змяніцца. Ёсць прароцтва, што Аляксандр Лукашэнка быў блаславёным беларускімі духоўнымі асобамі на 21 год кіравання», — патлумачыў Юдаеў.
фота Сяргея Гудзіліна
Ён скончыў Акадэмію мастацтваў, раней ён працаваў фотакарэспандэнтам у газеце «Веснік Нафтана», а цяпер уладкаваўся ў наваполацкі Палац культуры. У інтэрв'ю «Народнай волі» Юдаеў расказаў, што займаецца падрыхтоўкай і здымкамі разнастайных фільмаў.
На мінулых выбарах ён галасаў за Някляева, бо яму падабаюцца паэты. Цяпер Юдаеў не бачыць дастойных кандыдатаў, якім можна было б аддаць голас, таму ідзе на выбары сам.
На думку Юдаева, фрыкам, у шырокім значэнні слова, можна назваць кожнага кандыдата.
Ні да якіх палітычных рухаў Юдаеў не належыць. Кажа, што адносіны з Расіяй павінны заставацца ў прыярытэце. Абураецца «навязваннем еўрапейскіх каштоўнасцяў».
Узгадваючы Плошчу-2010, рэжысёр кажа, што «было шкада людзей, якія пацярпелі на папярэдніх выбарах». Але пры гэтым гарантуе недатыкальнасць Аляксандру Лукашэнку. Гатовы прапанаваць яму пасаду прэм'ер-міністра.
Кіраўніца ініцыятыўнай групы Юдаева — Таццяна Бурая. Яна шчыра засмуцілася, калі даведалася, што 108 чалавек наўрад ці змогуць сабраць патрэбныя 100 тысяч подпісаў.