Прэтэндэнт у прэзідэнты Юрый Шульган і кіраўнік яго ініцыятыўнай групы Паўлюк Канавальчык 20 ліпеня паўстануць перад судом. 

Як паведамілі БелаПАН ва УУС Маскоўскага раёна Мінска, на іх складзеныя пратаколы па артыкулах 17.1 (дробнае хуліганства) і 17.3 (з'яўленне ў грамадскім месцы ў стане ап'янення) Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. 

Да суда абодва затрыманыя будуць знаходзіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна. 

Нагадаем, 17 ліпеня прыкладна ў 14.30 Шульган прыйшоў да будынка ЦВК, каб падаць дакументы на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы, у якую, паводле яго слоў, уваходзяць 127 чалавек. Аднак супрацоўнікі міліцыі не пусцілі Шульгана ў будынак Цэнтрвыбаркама, заявіўшы, што прэтэндэнт знаходзіцца ў стане алкагольнага ап'янення. 

Пры гэтым сам Шульган запэўніў журналістаў, што «з раніцы не ўжываў, і нават гатовы прайсці тэст на алкаголь — гатовы дыхнуць». 

Прыкладна ў 15.30 з будынка Дома ўрада, дзе размешчаны ЦВК, выйшаў чалавек і зрабіў Шульгану заўвагу, абвінаваціўшы яго ў неадэкватных паводзінах. Шульган у гэты час пазіраваў журналістам на фоне будынка. Гэты ж чалавек, які не назваў сябе, выклікаў міліцыю. Супрацоўнікі міліцыі павялі Шульгана і Канавальчыка з сабой, паведаміўшы, што правераць іх на прадмет алкагольнага ап'янення і, калі ўсё будзе нармальна, то адпусцяць. Пазней журналісты бачылі, як Шульгана з Канавальчыкам пасадзілі ў міліцэйскі аўтамабіль і павезлі. 

38-гадовы беспрацоўны Юрый Шульган вырашыў балатавацца ў прэзідэнты пасля выхаду дэкрэта № 3 ад 2 красавіка 2015 года «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Яго вылучэнне падтрымала Беларуская партыя «Зялёныя».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру