Сёння, 17 ліпеня, у Мінску на тэрыторыі былога аэрапорта «Мінск-1» меўся пачацца ІІ адкрыты чэмпіянат Беларусі па паветраплавальным спорце.
Але так і не пачаўся. Спачатку час палёту пераносілі з 18:00 да 20:00. Пасля ў натоўпе хадзілі чуткі пра 22:00. Напрыканцы хтосьці з арганізатараў паведаміў, што палёт не адбудзецца з-за кліматычных умоваў (пад вечар узняўся моцны вецер). Людзі пачалі разыходзіцца.
Людзей было каля дзясятка тысяч. Людзі прыйшлі з маленькімі дзецьмі, з бабулямі і дзядулямі.
Трэба адзначыць слабую арганізацыю мерапрыемства. Большасць людзей падыходзіла дзесьці а 20-й, былі вялікія чэргі, а міліцыя настолькі пільна абшуквала людзей, што чакаць сваёй чаргі прыходзілася доўга.
На ўсю колькасць людзей стаяла некалькі біяпрыбіральняў. У людзей нічога не заставалася, як стаяць у чарзе, бо калі яны выйшлі б за межы аэрапорту, то меліся быць абшуканыя паўторна.
Але ў чэмпіяната ёсць другі шанец. Заўтра з 07:00 да 07:30 будзе праходзіць ранішні палёт на аэрадроме Баравая. Але і тут ёсць нюанс — паглядзець на паветраныя шары можна будзе толькі здалёк. На тэррыторыю аэрадрома простых людзей пускаць не будуць.
А з 19:00 да 20:00 пройдзе шоу «Начное свячэнне», дзе кожны ахвотны можа паглядзець на паветраныя шары у раёне стэлы «Мінск — Горад-герой» на праспекце Пераможцаў.
Падрабязны план палётаў чэмпіянату можна даведацца ў афіцыйнай суполцы мерапрыемства.