Права збіраць 100 тысяч подпісаў для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты пакуль атрымалі 8 прэтэндэнтаў. Гэта:
1. Сяргей Гайдукевіч
2. Сяргей Калякін
3. Таццяна Караткевіч
4. Аляксандр Лукашэнка
5. Анатоль Лябедзька
6. Жанна Раманоўская
7. Віктар Цярэшчанка
8. Мікалай Улаховіч
А вось ініцыятыўныя групы Міколы Статкевіча, Андрэя Канаўца, Ірыны Першыной, Сяргея Заблоцкага, Таццяны Біруковай, Аляксандра Юдаева не былі зарэгістраваныя.
Да кожнага з іх у ЦВК былі свае прэтэнзіі.
У Статкевіча, паводле меркавання ЦВК, няма выбарчага права, бо ён «знаходзіцца ў стане судзімасці».
Канавец не жыў у Беларусі на працягу апошніх дзесяці гадоў: у 2005—2007 ён сядзеў у Расіі. Апроч таго, сярод ягоных 100 сяброў ініцыятыўнай групы 15% былі запісаныя з памылкамі.
У Першыной са 101 чалавека ў ініцыятыўнай групе былі тры замежнікі, і толькі ў 39 чалавек звесткі адпавядалі рэчаіснасці.
Хто такі Заблоцкі, дагэтуль ніхто не разумее. Ён даслаў заяву па пошце, што парушае заканадаўства.
Таццяна Бірукова прынесла патрэбныя 100 подпісаў толькі ў дзень паседжання (падчас падачы дакументаў было толькі 53 чалавекі).
Нарэшце, у Юдаева са 107 чалавек у спісе засталіся толькі 94 — астатнія былі аформленыя з памылкамі.
Вынікі разгляду заяваў патэнцыйных кандыдатаў былі агучаныя на паседжанні Цэнтральнай выбарчай камісіі. Мерапрыемства праходзіла ў адсутнасць Лідзіі Ярмошынай – яна знаходзіцца ў камандзіроўцы ў Вене.
* * *
Збор подпісаў будзе праходзіць з 23 ліпеня па 21 жніўня.
Рэгістрацыя кандыдатаў пройдзе з 6 па 15 верасня.
Выбары — 11 кастрычніка.





