Выява: ICRAR/UWA/Cameron Yozin

Выява: ICRAR/UWA/Cameron Yozin

Некаторыя часткі скопішча галактык Abell 1656 у сузор’і Валасоў Веранікі (скопішча Кома) маюць рэкордную канцэнтрацыю цёмнай матэрыі, пішуць аўстралійскія навукоўцы ў часопісе Monthly Notices of the Royal Astronomical Society.

У Abell 1656 асобныя вобласці маюць у 100 раз больш цёмнай матэрыі, чым зорак ці іншай звычайнай матэрыі. На цёмную матэрыю прыходзіцца 99% масы некаторых галактык скопішча.

Гэтыя галактыкі маюць памеры, блізкія да нашага Млечнага Шляху, і знешне вельмі падобныя да яго, але бачная матэрыя дае толькі 1% іх масы.

Скопішча Кома знаходзіцца ў 300 млн светлавых год ад нас, яно ўваходзіць у найбліжэйшае да нас звышскопішча галактык.

Галактыкі скопішча «сабраліся» каля 7-10 млрд год таму. Калі сучасныя разлікі верныя, неймаверныя аб'ёмы цёмнай матэрыі маюць «бараніць» бачную матэрыю галактык ад «разрывання» сіламі прыцягнення скопішча. Падобна, што гэтыя галактыкі ўжо «мёртвыя» — працэсы ўтварэння зорак у іх спыніліся яшчэ тады, калі яны трапілі ў скопішча. Магчыма, іх «пагасіла» само скопішча, «высмактаўшы» з іх газ, патрэбны для ўтварэння новых зорак.

Камп’ютарная мадэль аўстралійцаў на чале з Кэмеранам Ёзінам упершыню прадэманстравала магчымасць існавання такіх «складак» цёмнай матэрыі, асноўнай жа мэтай стварэння мадэлі было вывучэнне эвалюцыі галактык да сённяшняга іх стану.

***

Мяркуецца, што Сусвет складаецца на 0,4% з зорак і іншых масіўных аб’ектаў, на 3,6% з міжгалактычнага газу, на 22% з цёмнай матэрыі і на 74% — з цёмнай энергіі. Цёмная матэрыя дае каля 84% масы Сусвету. Яна не дае электрамагнітнага выпраменьвання і не ўзаемадзейнічае з ім, але выдае сябе праз гравітацыйныя эфекты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?