Суд Маскоўскага раёна Мінска 20 ліпеня аштрафаваў экс-прэтэндэнта ў прэзідэнты Юрыя Шульгана на 30 базавых велічынь, што цяпер складае 5 400 000 рублёў.

фота Сяргея Гудзіліна

фота Сяргея Гудзіліна

Суддзя Тацяна Мотыль прызнала Шульгана вінаватым у дробным хуліганстве па артыкуле 17.1 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. Шульган таксама абвінавачваўся ў здзяйсненні правапарушэння па артыкуле 17.3 КаАП (з'яўленне ў грамадскім месцы ў стане ап'янення), аднак у судовым пасяджэнні гэта абвінавачванне не разглядалася. Рашэнне па гэтым артыкуле павінна прыняць РУУС на працягу 10 дзён.

Як сказаў супрацоўнік Маскоўскага РУУС, які прысутнічаў у якасці сведкі на працэсе, па артыкуле 17.3 КаАП «яшчэ будзем прымаць рашэнне».

На 30 базавых велічыняў суд аштрафаваў і Паўла Канавальчыка. Канавальчык з'яўляўся кіраўніком ініцыятыўнай групы Шульгана. Суд прызнаў Канавальчыка вінаватым у дробным хуліганстве па артыкуле 17.1 КоАП.

Нагадаем, 17 ліпеня прыкладна а 14.30 Шульган прыйшоў да будынка ЦВК, каб падаць дакументы на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы, у якую, паводле яго слоў, уваходзяць 127 чалавек. Аднак супрацоўнікі міліцыі не пусцілі Шульгана ў будынак Цэнтрвыбаркама, заявіўшы, што прэтэндэнт знаходзіцца ў стане алкагольнага ап'янення.

Пры гэтым Шульган запэўніў журналістаў, што «з раніцы не ўжываў і нават гатовы прайсці тэст на алкаголь — гатовы дыхнуть».

Прыкладна ў 15.30 з будынка Дома ўрада, дзе размешчаны ЦВК, выйшаў чалавек і зрабіў Шульгану заўвагу, абвінаваціўшы яго ў неадэкватны[ паводзінах. Шульган ў гэты час пазіраваў журналістам на фоне будынка. Гэты ж чалавек, які не прадставіўся, выклікаў міліцыю. Cупрацоўнікі міліцыі адвялі Шульгана і Канавальчыка з сабой, паведаміўшы, што правераць іх на прадмет алкагольнага ап'янення, і калі ўсё будзе нармальна, то адпусцяць. Пазней журналісты бачылі, як Шульгана з Канавальчыкам пасадзілі ў міліцэйскі аўтамабіль і павезлі.

38-гадовы беспрацоўны Юрый Шульган вырашыў балатавацца ў прэзідэнты пасля выхаду дэкрэта №3 ад 2 красавіка 2015 г. «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Яго вылучэнне падтрымала Беларуская партыя «Зялёныя».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна