З часу з'яўлення ў Мінгандлю паўнамоцтваў па закрыцці аб'ектаў гандлю і грамадскага харчавання прыпынялася дзейнасць 254 аб'ектаў на тэрмін ад чатырох да трыццаці дзён, паведаміў на прэс-канферэнцыі 21 ліпеня ў Мінску начальнік гандлёвай інспекцыі Мінгандлю Валяр'ян Бяспалы. З іх за парушэнне непасрэдна заканадаўства аб цэнаўтварэнні — каля 30 аб'ектаў. 

Поўнасцю забаронена дзейнасць гандлёвага аб'екта ў Магілёве, які належаць індывідуальнаму прадпрымальніку, і трох аб'ектаў грамадскага харчавання ТАА «Сайгон» у Мінску. 

Намеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч не лічыць, што пры прыняцці рашэнняў аб прыпыненні працы магазінаў Мінгандлю робіць асноўны акцэнт на невыкананні імі асартыментнага пераліку і адсутнасці ў патрабуемай колькасці беларускіх тавараў. «Я, напрыклад, бачу, што пратэрміноўцы акцэнт зроблены. І на новых нормах у заканадаўстве аб гандлі — аб парадку ў разліках, недапушчэнні дыскрымінацыйных умоў у дачыненні да пастаўшчыкоў, празрыстасці ўваходу на рынак», — адзначыла намеснік міністра. 

Аднак, паводле яе слоў, забеспячэнне гандлю і грамадскага харчавання асартыментам айчыннай вытворчасці часта хвалюе грамадзян, якія звяртаюцца ў Мінгандлю, і яно вымушана прымаць меры. «Мы цяпер праводзім па суботах гарачыя лініі, і задаюць пытанне: Ірына Уладзіміраўна, вось я хацеў выпіць беларускага піва ў піўным рэстаране, а яго там няма, чаму? А іншаземцы, якія прыязджаюць, яны тым больш хочуць пакаштаваць мясцовае», — сказала чыноўніца. 

Нагадаем, паўнамоцтвамі па прыпыненні дзейнасці аб'ектаў гандлю і грамадскага харчавання аж да іх поўнага закрыцця Аляксандр Лукашэнка надзяліў Мінгандлю ў снежні 2014 года, падпісаўшы ўказ № 567 «Аб дадатковых мерах па абароне правоў спажыўцоў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?