фота Сяргея Гудзіліна

фота Сяргея Гудзіліна

Займаючыся гісторыяй Беларускай Сацыялістычнай Грамады, Беларускай Народнай Рэспублікі, даследуючы жыццёвы шлях Антона Луцкевіча, нейк незаўважна выйшаў я на нашых нацыянал-камуністаў — на людзей, якія стваралі і будавалі Савецкую Беларусь.

Заглыбляючыся ў тэму, я раблю для сябе адно адкрыццё за адным пра людзей, пік кар’еры якіх прыйшоўся на перыяд так званых беларусізацыі і каранізацыі. Адбывалася станаўленне беларускай нацыянальнай палітычнай эліты, у дзейнасці якой камунізм спалучаўся з беларускасцю (у некаторых, наадварот, беларускасць спалучалася з камунізмам).

Сталінская фракцыя ў бальшавіцкай партыі цярпела гэтых людзей да часу. А з пераломнага 1929-га пачалося іх планамернае знішчэнне, пік якога прыпаў на чэрвень 1937 — чэрвень 1938 г., на перыяд паміж XVI і XVII з’ездамі Кампартыі (бальшавікоў) Беларусі. Дастаткова сказаць, што ў чэрвені 1938 г. у склад Цэнтральнага Камітэта КП(б)Б не трапіў ніводзін член ЦК, выбраны ў чэрвені 1937-га. Практычна цалкам памяняўся корпус сакратароў раённых і гарадскіх камітэтаў партыі.

У час працы з матэрыяламі з’ездаў КП(б)Б я не мог не зацікавіцца асобамі камуністаў Луцкевіча, Ластоўскага, Мікулічаў, Некрашэвіча і Паўлюкевіча.

Алесь Паўлюкевіч

Пачалося ўсё з прачытанага: «Вось што кажа Паўлюкевіч: «Чарвякоў заявіў, што вясной 1920 г., перад пачаткам наступу на Варшаву, ЦК РКП вырашаў пытанне стварэння Савецкай Беларусі, фактычна не прыняў ніякага рашэння і пытанне павісла ў паветры; даручылі гэту справу на вырашэнне Смілгі». І далей: «…Калі б наступ на Варшаву быў удалы, то, відаць, Савецкая Беларусь не была б створаная». (…) Як гэта назваць, тав. Чарвякоў? Як гэта назваць, бо гэта ж паклёп на партыю, паклёп на гісторыю партыі».

Словы прамаўляюцца з трыбуны XVI з’езда Кампартыі (бальшавікоў) Беларусі (чэрвень 1937 г.). Ідзе накат на старшыню ЦВК БССР Аляксандра Чарвякова. Сталін ужо напісаў у Менск: «Калі з’езд вырашыць зняць Чарвякова з пасады, мы пярэчыць не будзем». Каб патрэбнае рашэнне было прынята, дэлегатам для агучвання выдаюцца «матэрыялы» з кабінетаў НКВД, дзе ідуць допыты арыштаваных «ворагаў народа». З гэтымі «матэрыяламі» ў руках супраць Чарвякова выступае народны камісар асветы Аляксандр Варончанка. Як жа так, таварыш Чарвякоў? Бальшавікі былі шчырымі прыхільнікамі беларускай дзяржаўнасці, а вы ўзводзіце паклёп на партыю.

Чарвякоў казаў праўду. Бальшавік Івар Смілга 14 ліпеня 1920 года, калі Чырвоная Армія ішла на захад, пісаў у Маскву, што трэба абвясціць Беларускую рэспубліку, але пакуль што in abstracto. Гэта значыць, пабачым, ці ўдасца зрабіць савецкаю рэспублікай Польшчу. Лёс Савецкай Беларусі быў пастаўлены ў залежнасць ад таго, як складуцца замежнапалітычныя абставіны для Масквы.

Чарвякоў казаў праўду Паўлюкевічу. Якому Паўлюкевічу? Арсеню? Лекару, дзеячу Беларускай Рады Случчыны, які ўзначаліў шпіталь падчас Слуцкага паўстання, а потым асеў у Вільні? Дзе і калі Чарвякоў мог з ім бачыцца? У 1928 годзе палякі абвінавацілі Паўлюкевіча ў працы на Саўдэпію і запраторылі яго на 12 гадоў за краты. Звесткі пра яшчэ аднаго Паўлюкевіча знаходжу ў энцыклапедычным даведніку Леаніда Маракова.

Аляксандр Паўлюкевіч нарадзіўся ў 1887 г. у Вялікіх Бярозаўцах цяперашняга Шчучынскага раёна. Быў сябрам бальшавіцкай партыі да 1936. Меў вышэйшую адукацыю. Падчас арышту (27 кастрычніка 1937 г.) пенсіянер («магчыма, як вайсковец або інвалід», піша Л. Маракоў). Арыштаваны ў Маскве. Расстраляны тамсама 20 студзеня 1938 г.

Гартаючы папкі былога партыйнага архіва КПБ, я змог высветліць, што Паўлюкевіч Алесь (так менаваў ён сябе ў адной з анкет) уступіў у бальшавіцкую партыю падчас грамадзянскай вайны ў Расіі — у 1918 г. У 1923 г. ён ужо загадваў агітацыйна-прапагандысцкім аддзелам у Бабруйскім павятовым камітэце КП(б)Б. Калі ў склад БССР былі вернутыя яе ўсходнія тэрыторыі, Паўлюкевіча накіравалі туды праводзіць беларусізацыю. У 1926–1928 г. ён быў старшынёю Віцебскага акруговага выканаўчага камітэта (АВК). З Віцебска на кароткі час яго перавялі на расстрэльную пасаду загадчыка Белдзяржвыдавецтва. А неўзабаве накіравалі ў Маскву — пастаянным прадстаўніком СНК БССР пры СНК СССР. Працаваў Паўлюкевіч у Маскве ў 1928–1930 г. Далей ягоны жыццёвы шлях я не прасачыў. Як відаць з інфармацыі Л. Маракова, у 1936-м Паўлюкевіча выключылі з партыі. Смяротны прысуд яму быў перадвырашаны.

Якуб Ластоўскі

Алеся Паўлюкевіча на пасадзе пастаяннага прадстаўніка СНК БССР у Маскве змяніў Якуб Ластоўскі. Гэты дзеяч нарадзіўся ці не ў 1892 г. У бальшавіцкую партыю прыйшоў у 1918 г. У 1924–1926 г. Ластоўскі працаваў намеснікам страшыні Мазырскага акруговага выканаўчага камітэта. 6 красавіка 1926 г. яго вылучылі на пасаду старшыні АВК, але супраць кандыдатуры, пэўна, меліся пярэчанні, таму ў лістападзе 1926 — маі 1927 гг. мы бачым яго ў крэсле намесніка старшыні Калінінскага АВК. 8 чэрвеня 1927 г. у сувязі з ліквідацыяй акругі Ластоўскага накіравалі пад загад Гомельскага акруговага камітэта КП(б)Б, старшынёю Рабочага банка. У 1928 г. яго перакінулі ў Мазыр на пасаду старшыні АВК. А ў 1930 г. ён стаў кіраўніком Саюзкалгасбанка. Вось з гэтай пасады яго ў 1931-м накіравалі працаваць у Маскву.

Быў Я. Ластоўскі і сябрам ЦК КП(б)Б. У гэтай якасці ён прысутнічаў у чэрвені 1937-га на XVI партыйным з’ездзе. 12 чэрвеня слова на з’ездзе атрымаў сакратар Бабруйскага раённага камітэта Эдзід Вайнман. У яго была задача граміць былога старшыню СНК БССР Мікалая Галадзеда. А з тае прычыны, што Ластоўскі быў прадстаўніком Галадзеда ў Маскве, не магло не дастацца і яму. Тым больш што для «прынцыповай бальшавіцкай крытыкі» меліся падставы. Паслухаем ардэнаносца Вайнмана:

«…Ластоўскі, пастпрэд у Маскве. …Я, як сябар ЦК, ніколі не чуў яго на пленуме ЦК ці дзе яшчэ і не ведаю, ці хто-небудзь з іншых сябраў ЦК чуў яго як сябра ЦК. Вы думаеце, ён пасіўны чалавек? Не, дзе трэба, ён актыўны, факт. У Маскве існаваў так званы беларускі клуб, які аб’ядноўваў рознае нацдэмаўскае ахвосце. У 1936 г. Бюро [ЦК КП(б)Б] абмяркоўвала пытанне гэтае, і было прапанавана даць спагнанне Ластоўскаму, які разам з Галадзедам падтрымліваў гэты клуб. Тав. Галадзед, вядома, абараняў Ластоўскага на Бюро, Дзякаў (народны камісар асветы. — А. С.) выступаў у іншай ролі — наступаў на Ластоўскага. Мы тут бачым манеўр гэтых асоб, Галадзеда і Дзякава, іх інтарэсы сышліся. Але дзе ж ЦК?… Я лічу, што ён [Ластоўскі] не толькі не варты звання сябра ЦК, але ён падхалім, ён толькі чамаданы ў стане насіць Галадзеду і больш нічога». У зале раздаліся галасы: «Правільна».

Народны камісар асветы Анані Дзякаў у дні XVI з’езда КП(б)Б ужо даваў паказанні следчым НКВД. Праз колькі дзён арыштуюць Галадзеда. А Эдзід Вайнман, як і Якуб Ластоўскі, трапіць у знакамітыя сталінскія расстрэльныя спісы. І Аляксандр Варончанка, наступнік Ананія Дзякава на пасадзе наркама асветы, таксама трапіць у тыя спісы. Іх, Дзякава і Варончанку, расстраляюць у адну ноч. Разам з Анатолем Вольным, Платонам Галавачом, Алесем Дударом, Міхасём Зарэцкім, Васілём Кавалём, Тодарам Кляшторным…

Алесь Некрашэвіч

Асоба аднафамільца расстралянага акадэміка Сцяпана Некрашэвіча зацікавіла мяне даўнавата, бо я чытаў ягоную брашуру «Беларускі нацыянал-фашызм і нацыянал-дэмакратызм», у якой нямала ўвагі нададзена Антону Луцкевічу.

Цяпер я ведаю, што Алесь (Аляксандр) Некрашэвіч нарадзіўся ў 1899 г. У 1921 г. уступіў у бальшавіцкую партыю. У 1923–1925 гг. мы бачым яго на партыйнай працы ў Бабруйску і (кароткі час) у Парычах. У 1925 г. ён пабыў загадчыкам агітацыйна-прапагандысцкага аддзела (АПА) у Мазырскім акруговым камітэце КП(б)Б, а потым (1925–1927) працаваў загадчыкам савецка-партыйнай школы 2-й ступені ў Віцебску. 14 студзеня 1927 г. Некрашэвіч становіцца загадчыкам АПА ў Віцебскім акругкаме КП(б)Б. 5 сакавіка 1928 г. ЦК КП(б)Б адклікаў яго для працы ў рэдакцыі газеты «Звязда», аднак там яму не давялося працаваць, бо ўжо 23 сакавіка 1928 г. ён быў прызначаны на пасаду дырэктара 2-га Беларускага дзяржаўнага тэатра (Віцебск).

Пішучы пра Алеся Паўлюкевіча, я зазначыў, што ён кароткі час займаў расстрэльную пасаду загадчыка Белдзяржвыдавецтва. На XVI з’ездзе КП(б)Б загадчык аддзела друку і выдавецтваў у ЦК Мікалай Казюк сцвярджаў, што пачынаючы з 1925 г. кіраўнічае крэсла ў гэтай установе займалі «заўзятыя ворагі» Зміцер Жылуновіч (Цішка Гартны), Іван Цвікевіч (брат прэм’ер-міністра БНР), «трацкіст» Фадзей Браўковіч, які «ўзначальваў выдавецтва… з дапамогай ворага Галадзеда», а потым «тэрарыст, польскі шпіён і дыверсант» Павел Шастакоў. Зміцеру Жылуновічу яго таварышы па партыі атруцілі жыццё, а Цвікевіча, Браўковіча і Шастакова расстралялі. Думаю, не пазбег гэтае долі і «нацдэм» Алесь Некрашэвіч, загадчык Белдзяржвыдавецтва ў 1930–1933 г.

Мікулічы: Базыль і Емяльян

Некалі трэба будзе засесці і напісаць пра Данілу Валковіча, кароткачасовага наступніка Мікалая Галадзеда на пасадзе старшыні СНК. Гэтую пасаду ён заслужыў хоць бы тым, што збіраў кампрамат на Галадзеда. І на XVI з’ездзе КП(б)Б ён вінаваціў Галадзеда за тое, што той хацеў вярнуць у БССР людзей, якіх у свой час партбюракраты выгналі з Беларусі. Сярод тых выгнаных Валковіч назваў і «вядомага нацдэма» Мікуліча.

Гаворка, хутчэй за ўсё, пра адміністратара і гаспадарніка Васіля (Базыля, як ён пісаў у анкеце) Мікуліча. Сябар бальшавіцкай партыі з 1919 г. Мікуліч нарадзіўся ў 1892 г. У 1917–1918 г. служыў загадчыкам пададдзела ў наркмаце шляхоў зносін Расіі, у 1918–1921 гг. загадваў Барысаўскім павятовым земаддзелам. У 1921–1923 гг. ён ужо загадчык аддзела і сакратар Мазырскага павятовага выканкама, а ў 1923–1926 гг. — старшыня Мазырскага павятовага (потым акруговага) выканкама. У красавіку 1926 г. Б. Мікуліча адклікалі пад загад ЦК КП(б)Б, а неўзабаве ён заняў пасаду намесніка наркама фінансаў БССР. І больш звестак пра яго ў мяне няма.

Ёсць у былым партыйным архіве і звесткі пра Емяльяна Мікуліча, настаўніка, які нарадзіўся ў 1888 г. У 1919 г. ён працававаў у Бабруйскім павятовым аддзеле народнай адукацыі (АНА). Потым (пэўна, у час польскай акупацыі) стаў настаўнікам у в. Бацэвічы (радзіма Аркадзя Смоліча, цяпер Клічаўскі раён). У 1920–1921 гг. Е. Мікуліч стаў на чале Бацэвіцкага валаснога рэвалюцыйнага камітэта, а потым і валаснога выканкама. З Бацэвічаў яго камандзіравалі на пасаду старшыні Парыцкага валаснога выканкама, а ў 1922 г. адклікалі на партыйную працу ў Бабруйск.

Там Мікуліч доўга не затрымаўся. З 1923 па чэрвень 1925 г. мы бачым яго на пасадах сакратара Бабруйскага павятовага выканкама, загадчыка акруговага АНА, намесніка старшыні акруговага выканкама, зноў загадчыка акруговага АНА. У сакавіку 1925 г. меркавалася перавесці яго на пасаду старшыні Буда-Кашалёўскага РВК, але ў чэрвені 1925 г. камандзіравалі пад загад ЦК КП(б)Б. Трохі папрацаваўшы ў Менску загадчыкам аддзела ў НКВД, Е. Мікуліч вярнуўся на ніву народнай адукацыі. У 1926–1929 гг. ён узначальваў акруговы АНА ў Полацку. У красавіку 1929 г. ён стаў, як напісана ў асабовай справе, намеснікам дырэктара даследчага інстытута ў Менску. У той час у Менску, як мне вядома, быў толькі адзін навукова-даследчы інстытут — сельскай і лясной гаспадаркі. У кіраўніцтва гэтай установы ўваходзілі амаль выключна «ворагі народа»: наркам земляробства Зміцер Прышчэпаў, географ і эканаміст Аркадзь Смоліч, акадэмік Гаўрыла Гарэцкі… Гэтыя і іншыя дзеячы будуць у 1930 г. арыштаваныя ў «справе» так званага Саюза вызвалення Беларусі. Ці не захапіла тая хваля тэрору і Емяльяна Мікуліча?

* * *

А Луцкевіч, анансаваны ў загалоўку? Быў такі Варфаламей Луцкевіч, аднагодак Антона Луцкевіча. Стары рэвалюцыянер, які прайшоў праз Сібір. У адрозненне ад Алеся Паўлюкевіча, Якуба Ластоўскага, Алеся Некрашэвіча, Базыля і Емяльяна Мікулічаў, ягоная біяграма маецца ў «Беларускай савецкай энцыклапедыі» (са здымкам) і ў «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0