Курадава—Кудрычы—Крывічы — палескі трохкутнік на ўсход ад Пінска. Глухія мясціны, дзе яшчэ сям-там відаць старыя хаты і хлявы, пакрытыя чаротам.

Больш за ўсё такой аўтэнтыкі захавалася ў Кудрычах — некалькі гадоў таму гэтую вёску нават называлі беларускай Венецыяй і «Меккай айчыннага агратурызму», куды няспынна ехалі турысты з Еўропы і Расіі, каб паглядзець на сярэднявечны побыт тутэйшых жыхароў.

Але так было.

Цяпер у вёсцы засталося 14 чалавек, палова з якіх прыязджае сюды толькі на лета. Сувязі з цывілізацыяй таксама разладжаныя — рака Ясельда высахла і цеплаход з Пінска ўжо некалькі год не ходзіць, а на старой гравійнай дарозе няма нават указальніка на з’езд у вёску.

Баба Гандзя

«Раней тут 125 хат было. А вы, увогуле, чаму цікавіцеся?» — нешматлікія жыхары спачатку з недаверам рэагуюць на чужакоў, але потым разнявольваюцца і паказваюць на хату найстарэйшай жыхаркі Кудрычаў — бабы Гандзі.

Па пашпарце яна Ганна. Ёй 86 год, і яна рэдка падымаецца з ложка. І яна гатовая бясконца гаварыць пра міфічныя часы старога Палесся, калі людзі жылі сярод некранутых меліярацыяй балот і на чоўнах плавалі адзін да аднаго ў госці.

Баба Гандзя.

Баба Гандзя.

«Пра старынку я вам шмат чаго магу расказаць, — пачынае баба Гандзя з выразным палескім акцэнтам. — Памятаю, калі малая я была, бацька каня на вялікі човен разам з сахою станавіў, і мы плылі далёка да поля, дзе зямлю аралі і жыта сеялі.

Чоўны былі нам тады за машыну, бо па вясне так Кудрычы залівала, што нават да хлява даводзілася лодкаю плыць.

Але ўвогуле тут кепска жылі, небагата, даводзілася самім лапці плесці ды зімою і летам у іх хадзіць».

Кудрычы сёння і пару гадоў таму. Вады паменьшала

Кудрычы сёння і пару гадоў таму. Вады паменьшала

«Трудныя дні»

А за савецкім часам, паводле бабы Ганзі, жыць стала яшчэ цяжэй.

«Мой бацька ў ноч, пасля «труднага дня» (кпіна з савецкага тэрміна «трудодень» — АГ), рыбу лавіў, не спаўшы, а мяне зацемна на Пінск пасылаў. Я яе прадавала, а за тую капейку купляла ў горадзе хлеб і прыхавана дахаты везла. Бо ўсё ж адбіралі — у дзядзькі майго савецкі брыгадзір каня і хлеў адабраў, а потым не даў дровы забраць, што ў тым хляве засталіся.

Дык праз такі здзек дзядзька сям’ю сваю ўзяў і паехаў на цаліну, а разам з ім і яшчэ людзі мясцовыя выправіліся, бо на ўладу крыўдавалі.

Агулам дваццаць сем’яў з’ехала з вёскі! А ў іх па 5—6 дзяцей было… Мала хто з іх вярнуўся, дзядзька мой вось там і памёр. А брыгадзір той усё пагаворваў: у Маскве — Сталін, а я — у Кудрычах. Брыдка, бо свой жа быў, тутэйшы. Такое сумленне ў беларусаў і цяпер — адзін аднаго крыўдзяць», — кажа баба Гандзя.

Прыгадвала яна і вясёлае — хвіліны адпачынку.

«Хоць і не багата мы жылі, але весела. Мо весялей за вас, — узбадзёрыўшыся, кажа баба Гандзя. — Раней жа ж мэблі бракавала, хаты прасторныя былі. Вось шукалі мы найвялікшую хату, і гаспадару плацілі за дзве ночы — ён нам яе на гэты час аддаваў. Далей наймалі музыкаў і гулялі на выходных, песні спявалі, танцавалі так, што зямля хадуном хадзіла. Людзей столькі было, што і ў сенцах стаялі, а малеча ў вокны зазірала ды прытупвала».

Але лёс не даў той моладзі нагуляцца — пачалася вайна.

«Шмат хто з вёскі за палякаў ваяваў, а потым тых, хто выжыў, саветы на фронт забралі. Засталіся толькі старыя ды малеч. Я з 70-гадовым дзедам гаспадарку вяла, кароў трымалі. Але не так мы немцаў баяліся, як партызанаў — моцна тыя нашых людзей рабавалі.

Прыходзілі ўначы і апошняга кабана ў людзей забіралі, порткі здымалі з ног. Наш сусед неяк купіў сабе ў горадзе новыя нагавіцы, дык хтосьці пра гэта партызанам данёс — яны прыйшлі ды давай яго збіваць, каб порткі тыя аддаў. І забралі. Баяліся мы іх», — прыгадвае старая жанчына. Сярод жаху вайны жыхары Кудрычаў мелі ўсё ж адзін станоўчы момант: немцы неяк сплаўлялі па Ясельдзе дрэва, дык мясцовыя частку бярвення вылавілі ды збудавалі сабе новыя хаты.

Сёння чаротавых стрэх у Кудрычах амаль не засталося — людзі мяняюць іх на больш практычны шыфер

Сёння чаротавых стрэх у Кудрычах амаль не засталося — людзі мяняюць іх на больш практычны шыфер

Самы пад плотам

«Потым вайна скончылася, мужыкі, хто жывы, вярнуліся, я замуж выйшла. Але ж тады не так было, як у вас цяпер, што вы ходзіце ўсё, шукаеце кагосьці. Раней бацькі на сваты прывялі і ўсё — вось вы і сям’я. Але каханне якое было! Чатырох дзяцей выгадавала, што дай Божа! Есці ім было чаго — край такі, што рыбы процьма проста. Неяк мы наўпрост каля плоту самоў лавілі, у іх толькі ікры на 12 кілаграмаў было! Цяпер ужо такога няма, меліярацыяй усё спаганілі», — мяркуе баба Гандзя.

Змялелая Ясельда.

Змялелая Ясельда.

«Мы ўсе на рыбе раслі! А сёння гэтыя забароны паўводзілі… Вось рыбнагляд прыязджае і пікнікі проста ў нас на вачах ладзіць. А калі тутэйшыя будуць рыбу лавіць — штрафы. А няма грошай — сядзі ў турме. Толькі і відаць па тэлевізары: такі дзеяч выступае і кажа, колькі яны там «браканьераў» злавілі. А ён сам ведае, як гэтая рыба ловіцца? Так, як сяляне яе ловяць, рыбу ніколі не вынішчыш. А яны самі сваімі меліярацыямі рыбу забілі, няма чаго цяпер людзей катаваць. Бывае так, што яна сама ў агарод па вясне заплывае ды душыцца там, а яе чапаць нельга. Затое калі сёлета дзікі бульбу паелі, то дапамогі ні ад каго не дачакаешся — вось вам, кажуць, патроны на адстрэл. Але ж тут ніхто ўжо стрэльбу ў руках не ўтрымае», — абураецца баба Гандзя ды падсумоўвае, што неўзабаве згіне вёска, а з ёю — і памяць пра мінулыя часы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?