Цэнтрвыбаркам апублікаваў спісы ініцыятыўных груп кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі. Гэта пералік тых людзей, якія на працягу месяца будуць стаяць у пікетах і хадзіць па кватэрах, каб сабраць неабходныя 100 тысяч подпісаў.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Сярод актывістаў мала вядомых асобаў, аднак нават сухія лічбы даюць выдатную карціну беларускага палітычнага жыцця.

У ініцыятыўнай групе Аляксандра Лукашэнкі 10 430 чалавек. Як яны набіраліся — невядома, бо абвесткі аб пошуку актывістаў не публікаваліся ў адкрытым доступе. Таямніца раскрываецца пры аналізе гендарнай прыналежнасці сяброў ініцыятыўнай групы.

Сярод «прыхільнікаў» Лукашэнкі 8673 жанчыны і 1757 мужчын. Прапорцыя складае 83:17. У 2010 годзе назіралася падобная сітуацыя, 81:19. Гэта неймаверныя лічбы! Яны дапушчальныя толькі ў выпадку, калі кандыдат мае яркую гендарную праграму, напрыклад, прадстаўляе жаночую партыю.

Зрэшты, раўнютка такая прапорцыя мужчын і жанчын сустракаецца ў зборніку Белстата, прысвечанаму адукацыі. Сярод настаўнікаў у беларускіх сярэдніх школах працуе 83% жанчын і 17% мужчын. Супадзенне?

У цэлым мужчыны ў сілу тых ці іншых абставінаў праяўляюць большую палітычную актыўнасць за жанчын. Такая тэндэнцыя назіраецца бадай ва ўсіх краінах свету. Рада Еўропы дэкларуе ў якасці адной з мэтаў давядзенне долі жанчын ва ўладзе да 40%.

Чым вышэйшы ўзровень улады, тым доля жанчын становіцца меншай. Напрыклад, сярод дэпутатаў беларускіх мясцовых саветаў летась было абрана 46% жанчын. У палаце прадстаўнікоў гэты паказчык зніжаецца да 26%, жанчын-міністраў — дзве.

Факт у тым, што ні на адной прыступцы палітычнай актыўнасці жанчын не бывае больш за мужчын. Аналіз спісаў ініцыятыўных груп кандыдатаў у прэзідэнты пацвярджае гэтую думку.

Напрыклад, сярод зборшчыкаў Анатоля Лябедзькі 62% мужчын, у Сяргея Гайдукевіча — 60%. У Сяргея Калякіна і Таццяны Караткевіч — па 57%. Кандыдат Жанна Раманоўская з нерэпрэзентатыўнай малой ініцыятыўнай групай мае ў спісе 53% мужчын. У Віктара Цярэшчанкі — 50,4%.

Падобная карціна назіралася і ў 2010 годзе. Напрыклад, у ініцыятыўнай групе Міколы Статкевіча было 62% мужчын, у Андрэя Саннікава — 64%. Некаторыя кандыдаты находзіліся крыху далей ад сярэдняй велічыні (у Гайдукевіча тады было 52% мужчын, у Цярэшчанкі — 70%), аднак ні ў кога з прэтэндэнтаў жанчыны ў спісах не пераважалі.

То бок усе апаненты ўлады (тыя, хто хаця б заклікаюць галасаваць за сябе, а не за Лукашэнку), маюць сярод сваіх актывістаў 55—60% мужчын.

А што ж Мікалай Улаховіч, пра набор у ініцыятыўную групу якога не было вядома да апошняй хвіліны падачы дакументаў у ЦВК? Ягонае «Беларускае казацтва» — ушчэнт мужчынская арганізацыя, аднак у ініцыятыўнай групе лідара толькі 29% мужчын. Гэтая лічба куды бліжэй да паказчыкаў Лукашэнкі.

* * *

Доля мужчын і жанчын у ініцыятыўных групах

Кандыдат Група Доля мужчын Доля жанчын
1 Аляксандр Лукашэнка 10577 17% 83%
2 Сяргей Гайдукевіч 2481 60% 40%
3 Таццяна Караткевіч 1993 57% 43%
4 Сяргей Калякін 1510 57% 43%
5 Мікалай Улаховіч 1426 29% 71%
6 Анатоль Лябедзька 977 62% 38%
7 Віктар Цярэшчанка 946 50,4% 49,6%
8 Жанна Раманоўская 110 53% 47%
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?