Фота: Shawn Fennell via Tumblr

Фота: Shawn Fennell via Tumblr

Аўстралійскі ўрад вырашыў знішчыць частку дзікіх катоў, паведамляе Washington Post. Да 2020 года плануецца забіць 2 млн жывёл. Гэтыя планы асудзіла актрыса і абаронца жывёл Брыджыт Бардо, перадае Yahoo.

«[Каты] гэта цунамі гвалту і смерці для мясцовых аўстралійскіх відаў», — заявіў міністр навакольнага асяроддзя Аўстраліі Грэг Хант. Дзікія каты штогод забіваюць 75 млн іншых жывёл.

Звыклыя нам жывёлы яшчэ нядаўна не насялялі Аўстралію, першыя хатнія каты з’явіліся там 200 год таму. З тых часоў папуляцыя дасягнула 20 млн толькі дзікіх катоў. Клімат і мноства ежы спрыяюць іх размнажэнню, а харчуюцца яны не толькі мышамі ды пацукамі, але і рэдкімі відамі. Гэта ўжо прывяло да знікнення 29 відаў аўстралійскіх жывёл, пад пагрозай яшчэ 40 відаў жывёл і 30 — раслін.

На пяцігадовы план па знішчэнні катоў улады збіраюцца выдаткаваць 750 тысяч даляраў. Супраць катоў Аўстралія плануе ўжыць «гуманныя» спосабы забойства: напрыклад, атруту, ад якой каты проста засынаюць назаўсёды. Таксама плануецца стэрылізаваць і перасяліць частку катоў.

Абаронца правоў жывёл сцвярджае, што грошы, выдаткаваныя на забойствы, было бы эфектыўней патраціць на стэрылізацыю. «Жывёльны генацыд гэта негуманна і глупа, — напісала яна ў адкрытым лісце. — У дадатак да таго, што гэта жорстка, забойствы катоў абсалютна бяссэнсоўныя, бо тыя, што выжывуць, працягнуць размнажацца».

Яе сумневы ў эфектыўнасці забойстваў падтрымлівае, грунтуючыся на былым досведзе, арганізацыя «Людзі за этычнае абыходжанне з жывёламі» (PETA). Спецыялістаў турбуе і тое, што атрута для дзікіх катоў заб’е і хатніх катоў у прыгарадах, і іншых жывёл.

Акрамя катоў, Аўстралія раней забівала каал (яны занадта хутка пладзяцца і знішчаюць эўкаліптавыя дрэвы ды экасістэмы вакол іх), а таксама планавала частковае знішчэнне сухапутных анабасавых рыб.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?