Брэсцкі абласны суд 24 ліпеня пакінуў без задавальнення касацыйную скаргу палітвязня Юрыя Рубцова на прысуд суда Пружанскага раёна. Пра гэта БелаПАН паведаміла жонка зняволенага — Ядвіга Рубцова.

Паводле яе слоў, пакуль невядома, у якую калонію этапуюць Рубцова для адбыцця пакарання. «Гэта стане вядома ад адваката, якая сёння да яго паехала», — паведаміла Ядвіга Рубцова. Самога палітвязня з Баранавіцкага СІЗА, дзе ён знаходзіцца пасля вынясення прысуду судом Пружанскага раёна, у Брэст не прывозілі.

Юры Рубцоў, 53-гадовы грамадскі актывіст з Гомеля, вядомы тым, што ўдзельнічаў у Мінску ў вулічных акцыях апазіцыі ў майцы з надпісам «Лукашэнка, сыходзь». У кастрычніку 2014 быў прызнаны вінаватым у абразе суддзі Кірылы Палулеха, які вёў яго адміністрацыйны працэс пасля акцыі апазіцыі «Чарнобыльскі шлях». Рубцова тады прысудзілі да двух з паловай гадоў абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, аднак з улікам амністыі рэальны тэрмін пакарання яму быў скарочаны да паўтара года.

Адбываючы пакаранне, Рубцоў адмаўляўся працаваць з-за нізкай зарплаты і патрабаваў забяспечыць яго працай з сярэдняй зарплатай па краіне (600 даляраў у эквіваленце), што стала падставай для завядзення новай крымінальнай справы. Чакаючы суда, Рубцоў каля паўтара месяца трымаў галадоўку. Ён таксама зрабіў сабе на грудзях татуіроўку — надпіс «Лукашэнка, сыходзь», якую прадэманстраваў суду ў ходзе слуханняў, агаліўшыся па пояс. 28 мая суд Пружанскага раёна прысудзіў Рубцова да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

У чэрвені праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Юрыя Рубцова вязнем сумлення і паведаміла, што мае намер дамагацца ад уладаў Беларусі яго вызвалення. 1 ліпеня, пратэстуючы супраць умоў утрымання ў СІЗА, Рубцоў пачаў новую галадоўку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0