Стала вядома, што таксіста Мікалая Лусто трымаюць у турме на Акрэсціна. «Судзіць, відаць, будуць у панядзелак», — апавёў таварыш затрыманага Алег Корбан.

Мікалая Лусто затрымалі 24 ліпеня ў Мінску каля будынка Цэнтравыбаркама. Ён прыйшоў туды з плакатам «Навошта выбіраць? Трэба каранаваць! Не — выбарам!»

Перад пачаткам пікета Мікалай Лусто патлумачыў журналістам: «Сваёй акцыяй хачу зьвярнуць увагу грамадскасці на тое, наколькі недэмакратычна праводзяцца прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. Гэтаксама, як несправядліва яны праходзяць і сёлета. Да прыкладу, не была зарэгістраваная каманда Міколы Статкевіча. Калі ўлада ставіць выбарцаў у падобныя няроўныя умовы, то не патрэбныя выбары, а патрэбная «каранацыя». Тым больш, што «самадзержац» застаецца на сваім месцы, а «прынц» падрастае. Сутнасць маёй акцыі такая. Прысвячаю яе Міколу Статкевічу — папярэдняму кандыдату ў прэзідэнты, які дагэтуль знаходзіцца ў вязніцы і з'яўляецца палітычным вязнем», — цытуе яго радыё «Свабода».

Акцыя працягвалася меней за хвіліну. Да Мікалая Лусто адразу падышоў ахоўнік і адвёў актывіста ў будынак ЦВК.

Лусто працуе таксістам у Мінску. Ён актывіст суполкі моладзі «Альтэрнатыва».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0