Да збору подпісаў прыступілі 7 з 8 прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду. Маўчанне захоўвае толькі ініцыятыўная група Жанны Раманоўскай.

Пра гэтую кандыдатку дагэтуль нічога невядома. На жаль, першае «інтэрв’ю» Раманоўскай, якое яна дала «НН», так і стала апошнім. Паразмаўляць з жанчынай не змог больш ні адзін журналіст.

У першыя дні пасля рэгістрацыі яна яшчэ адказвала ў «Аднакласніках». Праўда, па-ранейшаму прыкрываючыся неадкладнай працай, пераносіла размову з дня на дзень. Цяпер мабільны тэлефон Раманоўскай адключаны, на паведамленні яна не адказвае зусім.

«Наша Ніва» спрабуе разабрацца, каго і для чаго прадстаўляе прэтэндэнтка.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы пацярпеў за майку са Статкевічам

Паводле інфармацыі Цэнтрвыбаркама, ініцыятыўную групу Раманоўскай узначальвае Яўген Напорка. Чым вядомы яе галоўны памочнік?

У верасні 2013 года сталічны актывіст і трое ягоных сяброў апранулі на легкаатлетычны «Кубак выкліку» майкі з надпісам «Серабранка – за спорт, Беларусь і Статкевіча».

Усе чацвёра былі затрыманыя. Напорку давялося правесці два дні ў ізалятары. Суддзя Наталля Вайцяховіч аштрафавала яго на 20 базавых велічыняў за «парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў».

Напорка завочна скончыў Інстытут фізкультуры (па спецыяльнасці «футбол») і Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БНТУ (спецыяльнасць «эканоміка»).

Паводле інфармацыі ў сацыяльных сетках, ён працуе начальнікам калоны ў сталічным аўтобусным парку №4.

Група падтрымкі – сем’і з Брэстчыны

У ініцыятыўнай групе Раманоўскай налічваецца 107 чалавек. Гэты найменш сярод усіх яе апанентаў. Аднак дакументы былі складзеныя адказна, таму паспяхова прайшлі праверку ў ЦВК.

Астатнія маленькія ініцыятыўныя групы не падыходзілі па фармальных прыкметах – у кагосьці не хапіла чалавек, нехта не жыў на тэрыторыі Беларусі патрэбны час.

Ініцыятыўная група прэтэндэнтаў прадугледжвае наяўнасць рэгіянальных каардынатараў. У Раманоўскай такія людзі ёсць на Брэстчыне і ў Мінску. Хто гэтыя людзі? Ёсць некалькі ІП-шнікаў, канцэртмейстар, работнік аўтапарка… У астатніх абласцях каардынатарамі прэтэндэнткі запісаная… сама Жанна Раманоўская.

Што да шэраговых актывістаў, то ў вочы кідаецца вялікая колькасць аднолькавых прозвішчаў. Напрыклад, Алексеюкоў – ажно 11 чалавек (гэта больш за 10% групы!). Імаверна, у спісе аказаліся ўсе сваякі кандыдаткі, бо Алексеюк – яе дзявочае прозвішча. З іншай сям’і, Маяковых, узялі яшчэ 6 чалавек.

Там, дзе аднолькавае прозвішча маюць трое «актывістаў» Раманоўскай, найчасцей гэта бацькі і дзіця.

Найбольшая колькасць людзей жывуць у Брэсце, Камянцы і Мінску.

Збор подпісаў не вядзецца

Ніводнага пікета ў падтрымку Раманоўскай пакуль не было відаць. «Наколькі я ведаю, збор подпісаў вядзецца», – запэўнівае Яўген Напорка. Ён падтрымлівае сувязь з кандыдаткай толькі праз інтэрнэт.

Аднак самі сябры ініцыятыўнай групы кажуць, што подпісы не збіраюць.

Мала хто з апытаных «актывістаў» увогуле разумее, што адбываецца. «Я ўжо даў подпіс за Раманоўскую», – кажа малады чалавек з ініцыятыўнай групы.

Ці ведае ён, ці можа падпісацца? Не. І гэты пры тым, што ягоныя бацькі фармальна з’яўляюцца каардынатарамі Раманоўскай.

«Гэта проста праз знаёмых папрасілі запісацца ў нейкую групу», – тлумачыць іншы ўдзельнік выбарчага фарса.

Пакуль уся актыўнасць Раманоўскай звязалася да адкрыцця рахунка для ахвяраванняў на яе выбарчы фонд.

Ці звязана з «Гавары праўду»?

Адразу некалькі ўдзельнікаў беларускага палітычнага працэсу намякаюць на сувязі кандыдаткі з «Гавары праўду». Маўляў, Раманоўская павінна эфектна зняцца на карысць Таццяны Караткевіч.

«Яна прыходзіла недзе з паўгода-год таму, казала, што збіраецца пайсці ў прэзідэнты. Але на гэтым усё і скончылася», – расказвае Андрэй Дзмітрыеў, старшыня «Гавары праўду» і кіраўнік ініцыятыўнай групы Караткевіч.

Ці падтрымлівае Дзмітрыеў кантакты са штабам Раманоўскай? Палітык запэўнівае, што ніякіх.

Аднак прынамсі ў сацыяльных сетках сувязь была відаць.

«Раманоўская Жанна зарэгістраваная з ініцыятыўнай групай у колькасці 110 чалавек. Яна ўпэўненая ў зборы 100 000 подпісаў. Яўген Напорка (імя было затэгіравана), а ты мне пра якую колькасць казаў?» – напісаў Дзмітрыеў у «Фэйсбуку» непасрэдна з паседжання Цэнтрвыбаркама.

«На, атрымлівай, Жэка, гранату на сваю галаву!» – пажартавалі ў каментарах. «Бывае…» – няпэўна пракаментаваў сам Напорка.

На сувязі праз «Аднакласнікі»

Адзіны спосаб камунікацыі Раманоўскай з патэнцыйнымі выбаршчыкамі – старонка ў «Аднакласніках».

«Поспехаў на выбарах», – рассыпае смайлікі-кветкі дзяўчына з Мінска. «Дзякую Вам», – адказвае кандыдатка, дадаючы смайлікі з сардэчкам і з усмешкай.

Гэта яе другая фраза за ўсе дні абмеркаванняў. Раней Раманоўская паспела напісаць, што будзе асабіста збіраць подпісы ў Бабруйску.

Астатні час на старонцы прапануюць здаць Японіі ў арэнду Брэсцкую вобласць і высвятляюць адносіны праз памылковае напісанне слова «по сеел» адным з удзельнікаў дыскусіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?