Беларуская Праваслаўная Царква і кампанія «Трайпл» зоймуцца добраўпарадкаваннем тэрыторыі ў гістарычным цэнтры Мінска з прычыны перадаварыйнага стану будынкаў. Пра гэта паведамілі ў Адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска, якая арганізавала працэдуру грамадскіх абмеркаванняў справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе па гэтым праекце.

Фота: Вадзім Заміроўскі, tut.by

Фота: Вадзім Заміроўскі, tut.by

Комплекс адміністрацыйных будынкаў і будынкаў Епархіяльнага Упраўлення Беларускай Праваслаўнай Царквы знаходзіцца па вул. Вызвалення, 6, 6а, 8 у Мінску. «Нешта будзе знесена, нешта — рэканструявана. Тут будуць адміністрацыйныя памяшканні, крамы, пункты грамадскага харчавання. Канцэптуальна нічога не будзе выбівацца з забудовы гістарычнай часткі горада. Гэта будзе малапавярховая забудова», — растлумачылі ў Адміністрацыі Цэнтральнага раёна.

Тэрыторыя забудовы будзе акультураная, з'явіцца і падземны паркінг.

У цэлым праект упісваецца ў гістарычную забудову Ракаўскага прадмесця, стратэгію забудовы якога нядаўна сваім ўказ № 306 ухваліў Аляксандр Лукашэнка.

Заказчыкам праекта выступае царква, а забудоўшчыкам — кампанія «Трайпл». Справа ў тым, што будынкі з'яўляюцца ўласнасцю БПЦ. Тут жа побач знаходзіцца адміністрацыйны цэнтр Беларускага экзархата і Мінскай епархіі.

Будаўніцтва будзе весціся за кошт сродкаў «Трайпла», сказалі ў БПЦ, але адмовіліся агучыць суму ўкладанняў, спаслаўшыся на камерцыйную тайну. Ад іншых каментароў там адмовіліся.

Праект плануецца рэалізаваць да канца 2017 года.

«Трайпл» Юрыя Чыжа ўжо не першы раз супрацоўнічае з БПЦ. «Наша Нiва» паведамляла пра тое, што ў элітным катэджным пасёлку «Лагожаск», які будуе «Трайпл», першым асобам БПЦ былі вылучаныя як мінімум два катэджы. Адзін з іх меркавалася выкарыстоўваць як прыватны малітоўны дом.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?