Амаль што 76 тысяч выпадкаў захворвання беларусаў на грып i вострыя рэспiраторныя вiрусныя iнфекцыi было зарэгiстравана ў кантрольных гарадах за апошнi тыдзень (з 18 па 24 лютага).

Па стане на 25 лютага эпiдэмiчны парог па‑ранейшаму быў перавышаны ў 10 кантрольных гарадах i на 32 адмiнiстрацыйных тэрыторыях. Да «грыпуючых» тэрыторый далучылiся на мiнулым тыднi Орша i Наваполацк, а таксама Жлобiнскi, Чачэрскi, Лепельскi i Лёзненскi раёны. А выйшлi з эпiдэмii Ашмянскi i Чэрыкаўскi раёны. Па прычыне адсутнасцi больш як 30 працэнтаў навучэнцаў вучэбны працэс зараз спынены ў 37 установах адукацыi (у Баранавiчах, Вiцебску, Мiнскiм, Чэрвеньскiм, Круглянскiм, Пiнскiм, Пастаўскiм i Лепельскiм раёнах).

У сталiцы на мiнулым тыднi назiралася паступовае змяншэнне колькасцi мiнчан, што захварэлi на прастуду — усяго было зарэгiстравана больш як 27 тысяч зваротаў гараджан у медыцынскiя ўстановы, што на 15 працэнтаў менш, чым за папярэднi тыдзень. Аднак эпiдэмiчны парог усё роўна быў у Мiнску перавышаны. Усяго з пачатку эпiдэмiчнага пад’ёму на грып i прастуду ў сталiцы захварэлi 151 тыс. мiнчан, што складае 8,4 працэнта ад агульнай колькасцi насельнiцтва.

Надзея Нікалаева, «Звязда»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0