Сустаршыня «Маладога фронту» і былы палітвязень Эдуард Лобаў ваюе за Украіну. Гэта стала вядома пасля публікацыі яго відэазвароту на канале youtube у суполцы «Згуртаванне патрыётаў».

«Думка прыехаць ва Украіну ў мяне з’явілася яшчэ падчас знаходжання ў калоніі, але магчымасці прыехаць не было. Магчымасьць з’явілася толькі пасля вызвалення», — гаворыць Эдуард Лобаў у звароце.

Яго паплечнік, сустаршыня «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч кажа, што арганізацыя з вялікай павагай і гонарам паставілася да рашэння Эдуарда Лобава, якое было выключна асабістым: «Усе людзі, якія ваююць за незалежнасць Украіны і супраць агрэсіі арды, — гэта героі. І натуральна, што Эдуард Лобаў, які вырашыў далучыцца да змагароў, — гэта герой».

Зміцер Дашкевіч адзначыў, што праз тэхнічныя прычыны магчымасці камунікаваць з паплечнікам не мае, але падтрымлівае яго ў малітвах. «Вядома, там небяспечна, мы, сябры і паплечнікі Эдуарда, хвалюемся за яго. Молімся за Украіну, за ўкраінскую армію, за ўсіх людзей, якія ваююць, у тым ліку і за нашага сябра Эдуарда Лобава», — сказаў Зьміцер Дашкевіч.

***

Эдуард Лобаў нарадзіўся ў 1988 годзе. Да дзейнасці «Маладога фронту» далучыўся пасля вяртання з войска. Службу праходзіў у 103-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгадзе ў Віцебску. У 2011 годзе быў асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі паводле артыкулу «хуліганства» разам з лідарам «Маладога фронту» Змітром Дашкевічам. Выйшаў на волю 18 снежня 2014 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?