З пачатку вайны на Данбасе загінулі 2300 украінскіх салдат. 

Яшчэ 270 украінскіх вайскоўцаў за гэты час зніклі без вестак або знаходзяцца ў палоне ў расійскіх сілаў.

Такія лічбы на брыфінгу прывёў начальнік Упраўлення цывільна-вайсковага супрацоўніцтва Узброеных сіл Украіны Аляксей Наздрачоў, паведамляе УНІАН.

Раней прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка называў лічбу 1670 загінулых. Чыноўнік Мінабароны дае больш трагічныя лічбы.

«На сённяшні дзень загінулых — каля 2300 вайскоўцаў, але сказаць, колькі прапала без вестак — вельмі цяжка, бо, паводле досведу, 40% з іх — гэта людзі, якія знаходзяцца ў палоне. Але мы яшчэ не вызначылі месца іх знаходжання. І каля 60% — гэта вайскоўцы, якія загінулі. Таму з 270 без вестак зніклых ваеннаслужачых мы лічым, што дзесьці 70–80 у палоне, а астатнія, на жаль, загінулі», — сказаў Наздрачоў.

Усяго ў часе баёў у Данбасе, паводле звестак мясцовых медыкаў, загінула каля 6500 чалавек. Мяркуючы па лічбе ахвяр жаночага полу сярод іх (каля 600), прыкладна 1200 чалавек з тых, што загінулі, былі мірнымі жыхарамі, астатнія ваявалі з аднаго ці другога боку.

Расійскія сілы паспрабавалі заняць Данбас у красавіку 2014-га. Аднак, у адрозненне ад Крыма, Украіна тут арганізавала супраціў. Украінскія войскі здолелі адбіць Славянск, Лісічанск і Марыупаль, аднак пацярпелі балючыя паразы пад Ілавайскам у жніўні 2014 і Дэбальцавам у лютым 2015.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0