У Бруселі (Бельгія) сёння адбыўся першы раўнд дыялогу па правах чалавека па лініі Беларусь — ЕС. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе МЗС.

«У ходзе дыялогу былі абмеркаваныя розныя пытанні, уключаючы стварэнне нацыянальнага інстытута па правах чалавека, тэматыку свабоды слова, выказвання і сходаў, прымянення смяротнага пакарання, барацьбы са зневажаючымі чалавечую годнасць відамі абыходжання, а таксама захавання правоў дзіцяці», — распавялі ў прэс-службе.

У рамках шматбаковага супрацоўніцтва Беларусь і ЕС таксама абмеркавалі пытанні ўзаемадзеяння ў ААН.

«Вынікі сустрэчы прадэманстравалі прыхільнасць Беларусі і ЕС да паглыблення дыялогу, у тым ліку па тэматыцы правоў чалавека, — упэўненыя ў МЗС. — Перамовы дазволілі правесці сумленны і паважлівы першапачатковы абмен думкамі па сутнасці пытанняў з мэтай наступнага ўмацавання ўзаемнага даверу і развіцця супрацоўніцтва».

Беларускую дэлегацыю ўзначальвае начальнік галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі МЗС Юрый Амбразевіч, дэлегацыю Еўрапейскага саюза — начальнік упраўлення правоў чалавека і дэмакратыі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Сільвіё Ганзата.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?