Беларусь — еўрапейская краіна, і трэба, каб мы жылі па-еўрапейску. Гэта простая думка, але важная.

Лукашэнка завёў Белую Русь у Еўразію, ад Пуціна можна ўсяго чакаць, але павінна быць надзея — на тое, што Беларусь можа стаць еўрапейскай па прынцыпах і ўзроўні жыцці. І павінен быць план, як да гэтага прыйсці без узрушэнняў, без лішняй рызыкі.

Дзе ёсць спадзеў — там ёсць і мэта.

Вось у спрэчцы пра гэты выбар — еўрапейскі ці еўразійскі, і быў бы выбар. Бо гэта сапраўды дзве палітычныя суперідэі беларускага грамадства.

Часовы страх, спароджаны карнай аперацыяй Расіі ва Украіне, развеецца, і еўрапейская мара беларусаў ізноў узмацніцца.

Ці ёсць карысць для краіны ад бачнасці выбараў, якую мы назіраем? Ад удзелу псеўдакандыдатаў, ад псеўдаканкурэнцыі?

Лукашэнкаўцы лічаць, што так. Беларусі, праводзяць думку яны, трэба моцны, легітымны і прарасійскі кіраўнік, каб у Масквы не было ніякай падставы ўмяшацца ва ўнутраныя справы нашай краіны, каб пад шумок ліквідаваць наш і без таго абмежаваны суверэнітэт.

Такое ў іх новае апраўданне сваёй бязмежнай і бясконцай улады: «будучыня незалежнай Беларусі».

Ёсць шайка-лейка псеўдакандыдатаў: Гайдукевіч, Цярэшчанка, цяпер яшчэ і Улаховіч — для стварэння бачнасці канкурэнцыі.

І ёсць апазіцыя, супермэты якой — барацьба за грамадзянcкія правы і еўрапейскія прынцыпы арганізацыі жыцця.

На мінулых выбарах тактыка апазіцыі была яснай. Арганізоўваць вулічныя пратэсты, каб паказаць грамадству, што «ўсенародная падтрымка» існуе толькі на паперы, і такім чынам павесці барацьбу за правы грамадзян.

Улада падыходзіць да сёлетніх выбараў, маючы далёка не бліскучыя дасягненні ў эканоміцы. За апошнюю пяцігодку так і не ўдалося зрабіць чарговы рывок у якасці жыцця. Сярэдні заробак з 2010 да 2015 абяцалі падняць да 1000 даляраў, а яны замест гэтага абваліліся даляраў на 50. Прапаганда вінаваціць сусветны крызіс, але за пяць гадоў інфляцыя і дэвальвацыя менавіта ў Беларусі былі самымі высокімі ў Еўропе.

Нават лукашэнкаўскія сацыёлагі з ІАЦ прызнаюць, што галоўны непакой у жыхароў Беларусі выклікае рост цэн (аж 75%!) і зніжэнне рэальных даходаў (46%).

Не сказаць, каб за апазіцыйных кандыдатаў распісваліся горай, чым за Лукашэнку. Журналісты ставілі відэакамеры і фіксавалі: за апазіцыю на суседніх пікетах падпісваюцца больш.

Разам з тым, істотна зменшылася колькасць сяброў ініцыятыўных груп праціўнікаў улады. Калі параўнаць з выбарамі 2006 года, дзе таксама было два асноўныя апазіцыйныя кандыдаты, дык тады ў камандзе Мілінкевіча было 5100 чалавек, а ў Казуліна — 3300. Цяпер жа ў Караткевіч — 2000, у Лябедзькі — крыху менш за 1000. Усё меншая колькасць людзей верыць, што з дапамогай выбараў можна змяніць сітуацыю ў краіне.

У выніку на гэтых выбарах яснай тактыкі ў апазіцыі няма.

Ёсць Калякін — камуніст, кіраўнік партыі савецкіх пенсіянераў.

Ёсць Караткевіч — мілая кабетка без вопыту кіравання. Яна пакуль ніхто, не правераны выпрабаваннямі чалавек. Людзі яе не ведаюць, гэта цёмная кабылка.

І ёсць Лябедзька — чалавек, які шмат прайшоў, шмат пабачыў, выжыў у экстрэмальных умовах і не зламаўся.

Факт, што менавіта Лябедзьку палівалі брудам на АНТ і ў «Советской Белоруссіі». Караткевіч і Калякіна там не баяцца, Лябедзьку пабойваюцца.

Але і пазіцыі Лябедзькі крайне слабыя. У яго малая ініцыятыўная група. Яму не ўдалося згуртаваць за сабой праеўрапейскія сілы па-за АГП. Частка апазіцыі настроеная на байкот, частку Дзмітрыеў прыцягнуў да Караткевіч. І, галоўнае, ніхто не верыць, што выбары нешта зменяць. Апазіцыйная частка грамадства не бачыць ніякага сэнсу ў галасаванні. Толькі самыя вучоныя кажуць, што ўдзел «апазіцыйнага» кандыдата патрэбны, каб Беларусь не стала Узбекістанам, каб у краіне была зафіксавана апазіцыя.

У такой сітуацыі журналістка Ірына Халіп заклікала Анатоля Лябедзьку зняцца з выбарчай гонкі, каб не дапамагаць у легітымізацыі сённняшняй улады. Яна прапануе перавесці барацьбу суперідэй у форму барацьбы байкоту і ўдзелу [у гульні па еўразійскіх правілах з мэтай прапаганды еўрапейскіх прынцыпаў].

У сваю чаргу, палітвязень Мікалай Статкевіч з турмы называе тактыку байкоту ў наяўных умовах малаэфектыўнай і заклікае выкарыстоўваць выбары, каб здзяйсняць любыя акты грамадзянскага супраціву. «Я заклікаю тых, хто прыйдзе альбо будзе вымушаны прыйсці на выбарчыя ўчасткі, напісаць сваё пасланне ў бюлетэні для галасавання, якое б дакладна сведчыла аб непрыманні палітыкі кіроўнага рэжыму. Упэўнены, што калі гэты сігнал будзе масавым, ён дойдзе да адрасата», — адзначыў у лісце на волю Статкевіч.

Здымацца ці не здымацца? Што лепш для барацьбы за свае суперідэі? Вось перад такой дылемай сёння стаіць вядомы апазіцыйны кандыдат.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?