29 ліпеня прыкладна ў 14.00 на вуліцы Сялянскай у Гомелі, каля будынка Цэнтральнага РАУС, міліцыя затрымала журналістаў-фрылансераў Канстанціна Жукоўскага і Наталлю Крывашэй. 

Як паведаміў Жукоўскі, яны з калегам здымалі на відэа таблічку на будынку Цэнтральнага РАУС, і ў гэты момант іх затрымалі. «Нас хапалі за рукі, лаяліся матам, пагражалі, цяпер даставілі ў аддзел і складаюць пратакол, пакуль невядома, па якім артыкуле. Нас затрымалі незаконна абсалютна. Я гэта звязваю з надыходзячымі выбарамі і звязаным з гэтым пераследам журналістаў», — заявіў ён. 

Як стала вядома, у Цэнтральным РАУС знаходзяцца таксама двое жыхароў Гомеля, затрыманых за спробу правядзення пікета, — урач Яўген Годар і яго жонка Аза Годар. Яны ўжо некалькі гадоў вядуць судовыя цяжбы ў сувязі з праблемамі жыллёвага кааператыву, у якім яны будавалі кватэру. 29 ліпеня яны спрабавалі правесці пікет, каб звярнуць увагу на праблемы, у прыватнасці карупцыйныя. 

«Мы з жонкай выйшлі з плакатам, дзе было напісана: «Якія выбары, калі расцвіла карупцыя?» — і Канстытуцыяй у руках. Але не паспелі разгарнуць плакат, як нас затрымала міліцыя і даставіла ў Цэнтральны РАУС. Цяпер на нас складаюць пратакол», — паведаміў Яўген Годар. 

Журналісты Канстанцін Жукоўскі і Наталля Крывашэй здымалі на відэа спробу правядзення пікета сямейнай парай Годар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?