Аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) падае ў Цэнтрвыбаркам скаргу на прадстаўнікоў Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ) за раздачу газет на пікетах па зборы подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатам у прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе прэс-служба арганізацыі. 

На думку прадстаўнікоў БХД, такім чынам актывісты КПБ фактычна ажыццяўляюць агітацыю, якая падчас збору подпісаў забароненая. 

Другую скаргу аргкамітэт падае ў пракуратуру ў сувязі з размяшчэннем у газеце і на сайце КПБ інфармацыі, якая, паводле меркавання БХД, утрымлівае паклёп і абразы ў дачыненні да беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў, у прыватнасці сустаршыні арганізацыі Віталя Рымашэўскага. 

Як лічаць прадстаўнікі БХД, паклёп і абразы ўтрымліваюцца ў артыкуле «Трое ў лодцы, не лічачы БХД», апублікаваным у газеце «Коммунист Беларуси» 24 ліпеня. Аўтар артыкула дае ацэнку каментарыю Рымашэўскага «на заяву камуністаў пра іх гатоўнасць супрацьстаяць любым спробам грамадзян Беларусі выступаць супраць фальсіфікацыі выбараў». 

Такая заява прагучала 27 чэрвеня на з'ездзе КПБ ад першага сакратара партыі Ігара Карпенкі. Каментуючы словы Карпенкі «Белгазете» (нумар ад 6 ліпеня), Рымашэўскі адзначыў: «Камуністы, кажучы пра свой намер не дапусціць Плошчы, могуць прыкрывацца апазіцыяй, але іх дзеянні скіраваныя на дыскрымінацыю беларускага народа, на тое, каб пазбавіць людзей права голасу. Гэтая заява поўнасцю ў духу і традыцыі нашай таталітарнай камуністычнай спадчыны. Тым не менш, пазбаўляць народа права на мірны пратэст не маюць права ні камуністы, ні апазіцыя». 

Прадстаўнікі КПБ адрэагавалі на заяву Рымашэўскага. У артыкуле «Трое ў лодцы, не лічачы БХД» гаворыцца: «Менавіта дзякуючы такім заступнікам за дэмакратыю і права народа, як Рымашэўскі, цяпер ва Украіне рэальная палітыка складаецца з люстрацый, катаванняў, палітычных забойстваў і пераследаў за камуністычныя перакананні». 

На думку Рымашэўскага, надзеі на незалежны разбор няма. «Але падаваць скаргі неабходна, каб дэзавуяваць заявы, якія змяшчаюць адкрытую пагрозу грамадзянам Беларусі і ўсім апанентам рэжыму», — перакананы палітык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?