Мінскі клуб Re:Public распачаў збор грошай на абнаўленне. Агульная сума, патрэбная клубу, не называецца, але ўнёскі прапануецца рабіць на сумы ад 100 тысяч да 10 мільёнаў беларускіх рублёў.

«Рок-клуб Re: Public, падпарадкоўваючыся свайму прыроджанаму інстынкту самазахавання, цяжка дыхае, сапе, але галаву не апусціў і крочыць наперад, каб, бліскаючы зоркамі, зноў сустрэцца з табой і ў чарговы раз пагрузіць цябе ў атмасферу шчасця, свабоды і любові, — пішуць у звароце на сайце. — Ты не можаш без музыкі, мы не можам без цябе».

Клубу патрэбныя грошы на абнаўленне асвятлення і іншай тэхнічнай часткі, мэблю, сцэну, танцпляцоўку і бары. За ўнёсак у 100 тысяч прапануецца зніжка ў 10% на любыя напоі цягам месяца, за 200 тысяч — 20%, за 500 — 50%. За ўнёсак у 10 млн даецца картка на бясплатнае наведванне любых канцэртаў цягам года на дзве персоны і зніжка ў 10% на бар.

***

Re:Public ёсць папулярным месцам для правядзення рок-канцэртаў. Да канца года там маюць выступіць Machine Head, Enter Shakiri, Louna, Noize MC, Anathema, «Аддіс Абеба», Van Canto, OOMPH!, Lacrimosa, Akira Yamaoka, Poets of the Fall і іншыя зоркі.

З пачатку 2015 года ў Беларусі закрылася дзевяць буйных беларускіх клубаў, адзначае TUT.BY. Праз фінансавыя цяжкасці закрыліся «Энергія» ў Віцебску, «Сфера» ў Брэсце, «Альфа Цэнтаўра» ў Гродне, «Еўропа» ў Гомелі. У Мінску зачыніліся «Лялькі» (што быў на месцы «Алькатраса») і «Афрыка». У Маладзечне раённы аддзел унутраных спраў зачыніў клубы «Стэлс», «Магніт» і «Клаб».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?