Тэкст агульнацыянальнай дыктоўкі па беларускай мове, прысвечанай 90‑годдзю абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, будзе рабіцца талакой.

Як паведаміў БелаПАН ініцыятар правядзення акцыі, кандыдат філасофскіх навук Уладзімір Падгол, такое рашэнне было прынята на пасяджэнні членаў аргкамітэта па правядзенні першай агульнанацыянальнай дыктоўкі.

Паводле яго слоў, члены аргкамітэта вырашылі адмовіцца ад тэксту дыктоўкі аднаго аўтара, нават калі ён і пераможа ў конкурсе, абвешчаным Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Беларускім ПЭН‑цэнтрам. «Зараз кожны можа перачытаць кнігі сваіх любімых пісьменнікаў, зрабіць выбарку найбольш сімвалічных абзацаў пра незалежнасць, свабоду і дадзенасць мовы ад Бога, а потым даслаць гэтыя тэксты на адрас мінскай сядзібы грамадскага аб\’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны», якая месціцца у доме № 13 па вуліцы Румянцава. А ўжо камісія са спецыялістаў зробіць з гэтых прапаноў узорны тэкст дыктоўкі», — сказаў У.Падгол.

Усе прапанаваныя абзацы, зазначыў ініцыятар правядзення акцыі, якія не трапяць у тэкст дыктоўкі, будуць выкарыстаныя ў наступных агульнанацыянальных акцыях такога кшталту, якія стануць штогадовымі.

«Акрамя таго, мы прапануем ўзяць на дыктоўку кніжку любімага пісьменніка, якая таксама надае акцыі форму талакі. Такім чынам, мы рыхтуем дыктоўку талакой і будзем пісаць яе разам з найбольш паважанымі празаікамі, паэтамі і драматургамі», — падкрэсліў У.Падгол.

Дыктоўка будзе праводзіцца 23 сакавіка кожную гадзіну з 10.00 да 18.00. Напісаны тэкст, як зазначаюць ініцыятары акцыі, можна пакласці ў сямейны архіў, захаваць для нашчадкаў, перадаць ім як унікальнае сведчанне павагі да беларускай самабытнасці. А той, хто жадае ўзяць удзел у конкурсе на якасць валодання мовай, можа здаць свой тэкст у камісію па падвядзенні вынікаў. Пераможцы атрымаюць разнастайныя прызы. Фотавыставу матэрыялаў дыктоўкі мяркуецца прадэманстраваць у Беларусі і тых краінах, дзе жывуць беларусы, а таксама экспанаваць у будынку сакратарыята ААН у Нью‑Йорку.

Марат Гаравы, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0