З інтэрнэту ў мэйнстрымныя СМІ патрапілі відэазапісы, на якіх відаць і чуваць, як высокапастаўленыя прадстаўнікі арганізацыі Planned Parenthood, вядучага прапагандыста і выканаўцы абортаў у ЗША, са смехам распавядаюць пра нелегальны гандаль органамі забітых у абартарыях дзяцей.

Размовы адбываюцца за абедам у рэстаране за бакалам віна.

Відэа запісалі актывісты з супрацьабортнай арганізацыі Center for Medical Progress, якія выдавалі сябе за прадстаўнікоў фірмы, якая хоча набыць тыя ці іншыя органы для вопытаў.

На адным з відэа Дэбора Нукатола, дырэктар па мeдычных паслугах Planned Parenthood Federation of America, часткі міжнароднай арганізацыі International Planned Parenthood Federation, распавядае, што аборты спецыяльна праводзяцца такім чынам, каб забраць органы ненароджаных дзяцей і мець магчымасць потым прадаваць іх.

«Многія цяпер шукаюць сэрцы, каб яны былі цэлымі, учора ўпершыню прасілі лёгкія, таксама шмат патрабуецца печані», — кажа Нукатола, беручы відэльцам салату.

Нукатола таксама распавядае, колькі грошай Planned Parenthood хоча за дзіцячыя органы.

Planned Parenthood гадамі маўчала пра гэты бок свайго «бізнесу», заяўляючы, што з'яўляецца некамерцыйнай арганізацыяй.

Мэры Гатэр, прэзідэнт аднаго з падраздзяленняў Planned Parenthood Federation of America, у іншым відэа гандлюецца з актывістамі Center for Medical Progress.

«Якую цану вы чакаеце за непашкоджаны орган? Якую кампенсацыю?» — пытаецца ў Гатэр актывіст.

«Чаму б вам не сказаць, колькі вы звычайна плаціце?.. На перамовах, хто першы называе цану, той губляе грошы», — адказвае Гатэр.

Гандаль чалавечымі органамі ў ЗША забаронены.

Відэа выклікалі буру эмоцый і каментароў у сусветным сеціве, якая хутка перакінулася ў асноўныя СМІ. У краіне адбылося больш за 60 маніфестацый і пікетаў, на якіх тысячы людзей заклікалі спыніць дзяржаўную падтрымку праабортнага гіганта.

Усяго актывісты апублікавалі тры запісы, як у скарочаным, гэтак і ў поўным выглядзе, і абяцалі апублікаваць яшчэ як мінімум дзевяць. Першыя два ў суме маюць 3,7 млн праглядаў на YouTube.

Planned Parenthood спрабуе праз суд спыніць распаўсюд відэазапісаў і звярнулася з лістом да СМІ, каб яны не пісалі на гэтую тэму і не давалі спасылак на запісы. 

Праабортная арганізацыя заяўляе, што не атрымлівае прыбытку ад гандлю органамі немаўлят, толькі бярэ кампенсацыю за сваю працу. Сваіх апанентаў яна называе небяспечнымі экстрэмістамі.

Прадстаўнікі Рэспубліканскай партыі ў Сенаце ЗША ўжо заклікалі правесці следства адносна Planned Parenthood і пазбавіць яе дзяржаўнага фінансавання.

Прэзідэнцкая адміністрацыя Барака Абамы захоўвае маўчанне, але заявіла, што не збіраецца згаджацца з патрабаваннем рэспубліканцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?