Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў разабрацца з фарміраваннем рознічных цэн на гародніну і за 5 гадоў вырашыць пытанне забеспячэння насельніцтва цяплічнай прадукцыяй.

Такую задачу ён паставіў сёння падчас наведвання КУП «Мінская агароднінная фабрыка», перадае БелТА.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што плодаагароднінная прадукцыя, трапляючы на прылаўкі гандлёвых сетак, становіцца ў два разы даражэйшай.

«На гэтым ніхто не павінен нажывацца!» — заявіў ён. «А то прыгожа: памідоры, агуркі і іншае… А цана? Хто ў кішэню кладзе грошы за гэтую прыгажосць?» — адзначыў Лукашэнка.

Ён папярэдзіў урад аб безумоўным выкананні даручэння па абароне ўнутранага рынку.

«Мы аддалі свае рынкі іспанцам, галандцам, якія нас квасяць на кожным кроку, а самі прабіваемся ў Афрыку і Кітай. Гэта нармальна? Не. Вырашайце!» — сказаў Лукашэнка.

Ён паставіў задачу за 5 гадоў вырашыць пытанне забеспячэння насельніцтва цяплічнай прадукцыяй. «Давайце дамовімся так: будзем мы працаваць або не будзем, але за будучую пяцігодку пытанне па цяпліцах трэба зняць!

Трэба пабудаваць іх столькі і па самых сучасных тэхналогіях, колькі нам трэба. За пяцігодку гэтае пытанне рашаем», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«А канкурэнцыя… Калі іспанцы хочуць у нас прадаць свой тавар, хай канкуруюць і прадаюць», — дадаў Лукашэнка.

Ён лічыць, што неабходна ўкладваць сродкі, наколькі гэта магчыма, і ствараць цяпліцы паблізу Мінска.

Лукашэнка адзначыў, што выгадаваная ў межах мінскай кальцавой дарогі ў цяпліцах прадукцыя зможа паступаць у гандлёвыя сеткі сталіцы з найменшымі выдаткамі на дастаўку.

Цяпер жа ва ўмовах зімовых цяпліц вырошчваецца 15 найменняў культур: агуркі, таматы, баклажаны, перац, салата, рукола, базілік, салера, кроп, пятрушка, кінза, шчаўе і іншыя зялёныя культуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?