Пікселі

Жанр: фантастыка, камедыя, баявік.

Рэжысёр: Крыс Каламбус

У ролях: Адам Сэндлер, Кевін Джэймс, Мішэль Монахэн, Пітар Дзінклейдж, Джош Гад, Браян Кокс, Мэцью Лінц, Шон Бін

ЗША, 106 хв.

Адзнака: 5

У 1982 годзе, спадзеючыся ўсталяваць кантакт з іншаземнай цывілізацыяй, NASA запусціла інфармацыйную капсулу, якая змяшчае малюнкі і кадры зямнога жыцця і культуры. Тым не менш іншапланетнікі ўспрынялі пасланне як абвяшчэнне вайны і нападаюць на Зямлю, выкарыстоўваючы мадэлі з аркадных гульняў 80-х гадоў, уключаючы Centipede, Pac-Man і Donkey Kong. Прэзідэнт Уільям Купер звяртаецца да свайго сябра дзяцінства і чэмпіёна па аркадных гульнях Сэма Брэнера. А той вырашае сабраць групу рэтрагеймераў, каб супрацьстаяць прыхадням.

У аснову фільма лягла аднайменная кароткаметражная стужка французскага рэжысёра Патрыка Жана, у якой на Нью-Ёрк нападалі персанажы знакамітых аркадных гульняў — ад Pac-Man да Space Invaders. Рэжысёр Крыс Каламбус (тры часткі «Гары Потэра» (2001, 2002, 2004)) і яго каманда ўпадабалі гэтую ідэю і вырашылі зняць поўнаметражны фільм.

«Вельмі вясёлы, займальны і па-сапраўднаму маштабны, фільм выглядае як класічны летні блокбастар. Сцэнар не падобны ні да якога іншага, наша стужка арыгінальная», — адзначыў Крыс.

Здымкі праходзілі ў Таронта (Канада) і занялі тры месяцы. Для здымак адшукалі сотні сапраўдных гульнявых аўтаматаў і кожны з іх быў адрамантаваны. Для кожнага аўтамата падбіралі патрэбныя налепкі, абнаўлялі кораб, устаўлялі новыя вадкакрышталічныя дысплеі і іншае электроннае начынне. Перш чым патрапіць на здымачную пляцоўку, кожны гульнявы аўтамат павінен быў быць ухвалены кампаніяй, якая прадстаўляла на рынку адпаведную гандлёвую марку.

Настальгічнае кіно пра аркадныя гульні 80-х трапляе ў мэйнстрым, бо цікавасць да іх цяпер адраджаецца. Фільм спадабаецца найперш тым, хто марыць убачыць любімыя гульні ў новай якасці: у выглядзе ажылых захопнікаў Зямлі або сканструяваныя ў 3d-прасторы элементы інтэрфейсу. Астатнім жа давядзецца задаволіцца камічнымі персанажамі і няёмкімі сітуацыямі, бо асаблівай інтэлектуальнай нагрузкі фільм не нясе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?