Фота газеты «Авангард»

Фота газеты «Авангард»

Усяго ў групу 66-ЭС у верасні 2014 прыйшлі 25 хлопцаў і дзяўчат, пяць у першы ж месяц забралі дакументы. Да летняй сесіі дайшлі 16 чалавек. І вось групы больш няма. Куратар атрымала вымову і апавяшчэнне аб магчымым звальненні.

Бацькі навучэнцаў ўпэўненыя: адлічэнне паловы групы і няздача другой паловай экзаменаў — помста кіраўніцтва каледжа, а менавіта дырэктара, за тое, што хлопцы пакрыўдзілі яго жонку — выкладчыка гэтага ж каледжа.

Дырэктар такую прычынна-выніковую сувязь адмаўляе, заяўляючы, што хлопцы не пацягнулі вучобу, і ва ўсім вінаватая куратарка, якая «зладзіла Майдан». Куратарка лічыць, што навучэнцы ў групе былі нармальнымі хлопцамі, а яе зрабілі крайняй, бо на бацькоўскім сходзе яна не падтрымала дырэктара.

Пра свае версіі здарэння карэспандэнту Naviny.by распавялі ўсе бакі канфлікту: былыя навучэнцы, іх бацькі, куратар і дырэктар каледжа.

«Нашым дзецям зламалі асобы!»

З бацькамі былых навучэнцаў мы сустрэліся каля чыгуначнага вакзала ў Рэчыцы. Групы ў Буда-Кашалёўскім аграрна-тэхнічным каледжы фармуюцца па рэгіянальным прынцыпе, таму хлопцы з Рэчыцы вучыліся ў адной групе.

У Буда-Кашалёўскі аграрна-тэхнічны каледж хлопцы паступілі летась, скончыўшы першую прыступку каледжа электратэхнікі ў Гомелі. У абласным цэнтры яны атрымалі дыпломы аб заканчэнні першай ступені адукацыі (роўнай ПТВ), але на другую прыступку пайшлі вучыцца ў Буда-Кашалёве.

«І ўсё б было добра, калі б у другім семестры не ўзнік канфлікт з адным з выкладчыкаў — жонкай дырэктара каледжа, Раісай Вярбіцкай.

Яна прыходзіла на заняткі і нічога не тлумачыла — чытайце падручнік, і ўсё. Ставіла ўсёй групе адны нулі — усім. Выкладала прадмет «Электрычныя машыны». Адны нулі ў журнале — за заняткі, за лабараторныя. Якія нулі? Мы адправілі дзяцей туды вучыцца, а ім не выкладаюць. Тым больш яны прыйшлі ўжо туды падрыхтаваныя, пасля каледжа ў Гомелі. Іх абражалі ў Буда-Кашалёўскім каледжы выкладчыкі: ты патлаты, ты бугай здаровы, ты шмат пытаешся — будзеш у пракурора пытацца. Мы паднялі ўсе гэтыя пытанні на бацькоўскім сходзе, напісалі калектыўны ліст аб замене выкладчыка. Сход прайшоў бурна, слухаць бацькоў яны (кіраўніцтва каледжа) не хацелі, казалі так: «Я кажу, маўчаць! У нас другое месца па ўзроўні адукацыі, так што маўчыце». Так нам заяўлялі», — тлумачыць Наталля Воўчанка, маці аднаго з хлопцаў.

Побач стаяць адлічаныя хлопцы — «патлаты», «здаровы бугай», «той, хто шмат кажа» і «той, хто шмат маўчыць». Па словах бацькоў, так іх дзяцей звалі ў каледжы.

Пасля бацькоўскага сходу выкладчыка «электратэхнічнай машын» замянілі, і прадмет стаў весці Анатоль Вярбіцкі — дырэктар каледжа і муж Раісы Вярбіцкай.

Справа дайшла да экзаменаў, а працы — лабараторныя, практычныя — у хлопцаў не прымаюць.

«Наўмысна не прымаюць работ — каб аплата ішла праз касу, таму што за здачу не ў тэрмін трэба плаціць. Дадатковыя заняткі наўмысна ставілі на 8 раніцы ў панядзелак, хоць ва ўсім каледжы заняткі ў панядзелак пачынаюцца ў дзесяць раніцы. І прычым толькі ў нашай групе. І толькі ў нашай групе экзамены прымаў сам дырэктар. На паралелі тры групы. Тыя дзве групы здавалі экзамен па камп'ютары, і 100% здача, ва ўсіх. А нашы — па білетах. Іншым групам выкладчыкі дапамагалі рашаць задачы, а нашы — 100% нулі», — распавядае Наталля.

Яна ўпэўненая, што дырэктар прадузята паставіўся да групы — пакрыўдзіўся, што папрасілі змяніць выкладчыка, яго жонку.

«Нам казалі ў каледжы, што пасля канфлікту з яго жонкай дырэктар сказаў, што гэтыя дзеці вучыцца тут не будуць — так і выйшла! Маўляў, дарма вы напісалі заяву аб змене выкладчыка. А калі мы патэлефанавалі на гарачую лінію ў Міністэрства адукацыі — усё, дзяцей адлічылі наогул», — абураецца бацька аднаго з хлопцаў.

Бацькі кажуць, што «адправілі хлопцаў у каледж не для таго, каб ім паламалі асобы». Бацькі задаюцца пытаннямі: чаму, калі дзеці — поўныя нулі, яны скончылі першую прыступку каледжа і атрымалі дыплом у Гомелі? Чаму менавіта іх група заваліла экзамен, а дзве іншыя на паралелі — здалі? Чаму гэта ўсё «супала» з канфліктам з жонкай дырэктара? Чаму рабят адлічылі пасля званка на гарачую лінію міністэрства?

«Дзяцей адлічылі, куратара зрабілі вінаватай і выганяюць з працы, іншыя выкладчыкі баяцца дырэктара, а дзецям паламаныя асобы», — падвяла вынік Наталля Воўчанка.

Кіраўніцтва каледжа прапанавала правесці комплексны кантроль ведаў, сабраць незалежную камісію, у тым ліку з выкладчыкамі з іншых устаноў адукацыі.

«Але тэрміны, каб падаць заяву, нам прапаноўваліся да 21 ліпеня, а ліст гэты прыйшоў па пошце толькі 23 ліпеня — як гэта разумець?», — дэманструе канверт маці адлічанага навучэнца.

З гэтымі ўсімі пытаннямі карэспандэнт Naviny.by адправілася ў Буда-Кашалёва.

«Развал групы — прыклад прадузятасці з боку дырэктара»

У райцэнтры мы сустрэліся з Людмілай Клімянковай, былой куратаркай ужо былой групы 66-ЭС.

Паводле яе слоў, на працягу першага паўгоддзя асаблівых праблем не было, выкладчыкі адгукаліся пра групу добра. «Так, недзе ленаваліся, недзе яшчэ што, але яны ж моцныя, валакуць. Усё было выдатна першыя паўгода — занялі трэцяе месца на конкурсе першакурсніка, атрымалі дыплом за відэапрэзентацыю, таму што ў мяне хлопцы досыць творчыя, група склалася, быў кантакт і разуменне. Пакуль не пачаўся другі семестр», — успамінае Людміла Клімянкова.

Пасля суцэльных нулёў, якія выстаўляла ў журнал Раіса Вярбіцкая, куратару сталі тэлефанаваць і скардзіцца бацькі. Яшчэ стала пытанне пра грошы — за пераздачы трэба плаціць. Калі навучэнец падчас заняткаў не здаў лабараторную або практычную, то потым ён здае яе платна.

«З гэтай сумы працэнт пералiчваецца ў зарплату выкладчыку. Гэта значыць, па сутнасці, можна штучна стварыць умовы, каб вучань не здаў, і на цалкам легальных падставах атрымаць прыбаўку да зарплаты. Чыста тэхнічна гэта можна», — адзначыла былы куратар.

Успамінала яна і пра незабыўны бацькоўскі сход, калі па заяве бацькоў з выкладання «прыбралі» жонку дырэктара.

«Але дырэктар павёў сябе так: абвінаваціў ва ўсіх бедах мяне. Маўляў, група нармальная, не нулявая, з імі можна працаваць, але вінаватая ва ўсім куратар, якая сядзела на бацькоўскім сходзе як царыца, па выразе дырэктара, і маўчала. Ён выказаў прэтэнзіі, што гэта я падняла бунт, усё арганізавала і павяла. Але які мне сэнс?» — дзівіцца Людміла Клімянкова.

Паводле яе слоў, дырэктар даручыў выкладчыкам падстрахавацца і праводзіць у гэтай групе пісьмовыя апытанні, каб у выпадку чаго даказаць, што дзеці — «нулявыя». Па трох прадметах у навучэнцаў з'явіліся праблемы.

«Для адлічэння па Кодэксе аб адукацыі трох нездавальняючых не дастаткова. У выніку дырэктар пачынае праводзіць кантрольныя зрэзы, у тым ліку па дысцыпліне, якая два месяцы як ужо скончылася. Сказаў правесці кантрольны зрэз па маёй дысцыпліне. Я ў тлумачальнай напісала, што парушылі метадычныя ўказанні па правядзенні кантрольных зрэзаў — дзве кантрольныя нельга праводзіць у адзін дзень, складана перастроіцца з аднаго на іншае», — кажа былы куратар.

У выніку з групы толькі два чалавекі здалі іспыт.

«Прыклад прадузятасці — тры групы ідуць у паралелі, дзве гэты ж экзамен здавалі на камп'ютары і 100% здача, а мая група здавала па білетах, пры гэтым білет з трох заданняў, два па тэорыі і задача. Рашэнне задачы — гэта як мінімум станоўчая ацэнка, але ў выпадку маіх хлопцаў гэтыя задачы нават не глядзелі. Праграма мінімум выкананая — чатыры нездавальняючых. І вось сем чалавек адлічылі. А сем чалавек пакуль пад пытаннем», — палічыла былы куратар.

«Дырэктар на педнарадзе сказаў, што яму тэлефанавалі з міністэрства па гэтай злашчаснай групе, і вось, каб яна — на мяне так, не сядзела і не хмылілася, сёння рыхтуецца загад аб яе прафесійнай непрыдатнасці, а наступны пра тое, што я з ёй скасоўваю кантракт. «Усё будзе так, як я хачу», — яго словы», — дадае Людміла Клімянкова.

Ці будзе яна далей працаваць у каледжы, невядома. Пакуль выкладчык ў адпачынку.

«Яны зладзілі Майдан, а куратар сядзела як князёўна Марозава!»

З дырэктарам каледжа, Анатолем Вярбіцкім, мы сустрэліся ў яго кабінеце. Прычым у прысутнасці пяцярых сведкаў. Дырэктар запрасіў завуча і выкладчыкаў — як «панятых». Палымяную прамову кіраўніка падначаленыя падтрымлівалі дружнымі кіўкамі галавы.

Анатолий Вербицкий

Фота газеты «Авангард»

Дырэктар пачаў вельмі здалёк — з 1912 года. Распавёў пра гісторыю ўстановы адукацыі, пачынаючы з дарэвалюцыйных часоў. Коратка спыніўся, каб правесці экскурс у гісторыю «хрушчоўскай адлігі» і звязанага з ёй лёсам тэхнікума, далей ішла перабудова, развал СССР, потым ён плаўна перайшоў да сучаснасці. Чым жа сёння жыве каледж?

«У аснову мы ставім падрыхтоўку высокадухоўнаўзбагачанага чалавека — гэта на першае месца, і на другое месца — спецыяліста. Таму што гайкі круціць можна за тыдзень навучыць, а зрабіць чалавека духоўным, узбагачаным — вось на гэта я настройваю калектыў», — данёс да нас сутнасць місіі аграрна-тэхнічнага каледжа яго кіраўнік.

Чаму ж у такой установе паўстаў канфлікт? Першая і галоўная праблема, на думку дырэктара — прызначэнне куратарам групы «чалавека, якога блізка нельга падпускаць да навучальнага працэсу». Другая праблема — набор групы навучэнцаў, якія скончылі ПТВ. «Больш я не буду набіраць групу пасля ПТВ», — паабяцаў дырэктар.

І трэцяе — «дзеці былі непадрыхтаваныя». «Мы, калі яны прыйшлі да нас, непрыкметна зрабілі зрэз — каб іх не траўмаваць, і мы зразумелі, што людзі, якія прыйшлі атрымаць адукацыю да нас — яны не могуць рашыць раўнанне 10=8+X. Яны не маглі знайсці Х! А мы спрабавалі іх навучыць простым ісцінам, але ўсё пайшло не так», — бядуе Анатоль Вярбіцкі.

А пайшло ўсё не так таму, што «яны патрапілі сюды, у кіраваную рэгуляваную сістэму, і мы ведаем, як вучыць, выхоўваць і ствараць духоўнаўзбагачанага чалавека».

Па словах дырэктара, новыя навучэнцы былі ледзь не сабатажнікамі — не жадалі прыбіраць інтэрнат, тэрыторыю, пачалі вылучаць умовы. І гэта — у «кіраванай рэгуляванай сістэме»! І плюс — «не маглі займацца».

«Мая дыктатура адна — старайцеся аб'ектыўна ацэньваць веды! Так я патрабаваў ад педагогаў. Але выйшла дрэнная сітуацыя. А куратар у гэты час, замест таго, каб заняць нармальную пазіцыю, рацыянальную — яна вырашыла гуляць у добрую цётку, у паддаўкі! І вось быў бацькоўскі сход. Калі я прыйшоў у аўдыторыю, яны там стварылі, паверце мне, Майдан. Гэта быў сапраўдны Майдан. Паверце мне. А куратар сядзела як князёўна Марозава. Вось я вобразна часам думаю», — раскрыў падступныя задумы куратара і бацькоў дырэктар.

І ўжо ў той момант, на бацькоўскім сходзе, да кіраўніка дайшло! «Я гадзіну спрабаваў бацькоў супакоіць, не валодаючы інфармацыяй, а яны не слухаюць, я спрабую знайсці кантакты — яны мяне не слухаюць. І толькі тады, калі я выйшаў, я зразумеў — а чаму куратар ні слова не сказала?» — здзівіўся Анатоль Вярбіцкі.

Паводле яго слоў, ён патрабаваў ад выкладчыкаў не ставіць двоек «любымі спосабамі». «Але мая жонка — чалавек вельмі прынцыповы, і яна іх ацаніла аб'ектыўна. І тады кліч быў кінуты, відаць, куратарам — калі мы ад Вярбіцкай толькі пазбавімся, астатніх мы падавім! Нам Вярбіцкую трэба прыбраць як цунамі! І яны мне пачалі вылучаць умовы», — працягваў дырэктар раскрываць палацавыя таямніцы, інтрыгі, закулісныя гульні і падступныя планы.

І вось вучыць групу прыйшоў сам дырэктар.

«Калі я прыйшоў у гэтую групу, я ўжыў усё, што мог, за сорак гадоў, я ўсё выклаў у гэтую групу. Аддачы я не атрымаў. Праўду кажуць, а я вось ніколі не задумваўся, што для ўсялякіх аранжавых рэвалюцый трэба, каб хтосьці рыхтаваў сцэнар. Вось хто рыхтаваў гэтай групе сцэнар?» — спытаў дырэктар.

Анатоль Вярбіцкі заўважыў, што хлопцы на ўрокі хадзілі, «але там адседжваліся і сыходзілі, а больш за тое — дэманстратыўна гулялі ў чорцікаў». «І калі б у іншай групе я мог бы там… Я не хацеў з імі напружваць абстаноўку, хоць я мог і закруціць і ўсё што заўгодна», — даверліва паведаміў кіраўнік.

А з іспытам, які прымаў у групы дырэктар, паводле яго слоў, было так.

«У нас малады выкладчык, ён цяпер у арміі, адмаўляўся ў іх прымаць іспыт. Казаў, што яго задушаць там гэтыя хлопцы, прымусяць рабіць тое, што ім трэба. Таму я пайшоў прымаць. Пасядзелі яны з чыстымі лісткамі, ён ім даў вырашаныя задачы, я зразумеў гэта, але я яго за гэта не лаю, таму што ён баяўся, што дырэктар яго пакарае. Яны вось быццам бы лічбы нейкія паставілі, а я кажу: «Пакажы генератар з паралельным узбуджэннем!» А яны не могуць!» — здзівіўся Анатоль Вярбіцкі.

Так, ён выдаваў загад аб тым, каб выкладчыкі праводзілі пісьмовыя апытанні навучэнцаў групы 66-ЭС — каб былі доказы, што дзеці — «нулявыя», і каб не сказалі, што выкладчыкі непісьменныя і не могуць весці ўрокі.

«Мы не ведалі, як падысці, мы адчувалі, што нехта баламуціць! Таму я прыняў яшчэ адно рашэнне — раз вы групай не жадаеце працаваць, я іх разбіў на падгрупы, я прымусіў выкладчыкаў працаваць бясплатна! А яны прыйшлі, пасядзелі напышліва і сыходзілі!» — абураецца дырэктар.

Ён па чарзе дэманструе нам то работы вучняў (дрэнныя), то дыпломы, узнагароды, падзякі каледжу і асабіста кіраўніку (добрыя).

Анатоль Вярбіцкі ў пяты раз згадвае Майдан і кажа, што заявы на адлічэнне ад навучэнцаў былі дэмаршам.

«Напісалі яны — просім нас адлічыць з-за ціску і прыніжэння з боку адміністрацыі. Хтосьці дыктаваў ім такія заявы? Па чыім сцэнары?» — у чарговы раз спытаў кіраўнік.

«Мне кажуць — чаму дзяцей не азнаёмілі з загадам аб адлічэнні? А як? Дзецям ужо сказалі ж — разбягайцеся хто куды, і дзе я іх знайду? Я ім прапанаваў на працягу трох дзён стварыць незалежную экспертную камісію — праверыць іх веды. Я ў парушэнне ўсяго пайшоў, свой загад хацеў скасаваць! Але ніхто не прыехаў», — засмуціўся дырэктар.

Дарэчы, бацькі, нагадаем, з гэтай нагоды заўважалі, што адпаведную прапанову атрымалі па пошце 23 ліпеня, у той час як у лісце было пазначана падаць заявы да 21 ліпеня.

А потым зноў бацькі назалялі дырэктару са сваімі скаргамі, гэта значыць, па яго выразу, «наладзілі другі Майдан».

Калі Анатоль Вярбіцкі зноў дабраўся да куратара, то заўважыў, што яе звольніць. «Мне не патрэбны такія выкладчыкі, якія Майдан будуць ладзіць», — падкрэсліў Вярбіцкі і дадаў: «А гэта дакладна Майдан! Невуцтва і ханжаства!».

«Ёй трэба было стаць намеснікам дырэктара па выхаваўчай працы, і яна вырашыла знутры падарваць асновы выхаваўчай працы, праз сваю групу. Яна думала, што калектыў яе падтрымае, а калектыў яе пракляне, паглядзіце!» — паабяцаў дырэктар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?