Андрэ Глюксман, Адам Міхнік, Сяргей Кавалёў падпісалі зварот да Аляксандра Лукашэнкі.

Група эўрапейскіх інтэлектуалаў падпісала зварот да Аляксандра Лукашэнкі з заклікам зусім вызваліць Аляксандра Казуліна. «Толькі гэта можа прывесьці хоць да частковага адкупленьня шкоды, нанесенай яму ўладамі», пішуць у звароце. Сярод іншых ліст падпісалі Андрэ Глюксман (Францыя), Адам Міхнік (Польшча), Сяргей Кавалёў (Расея), Міраслаў Марыновіч (Украіна).

У адкрытым лісьце Аляксандар Казулін называецца вязьнем сумленьня і ахвярай змаганьня дзяржавы з уласнымі грамадзянамі. Апошнія падзеі вакол сям’і палітвязьня называюцца атакай на людзкую годнасьць Казуліна.

Польскія газэты выйшлі сёньня з партрэтамі Казуліна перад труною жонкі.

Тым часам «Міжнародная амністыя» (Amnesty International) і ініцыятыва «Вольная Беларусь» (Wolna Białoruś) зьбіраюць лісты за вызваленьне Казуліна, што будуць перасланыя ў Беларусь.

«Gazeta Wyborcza» ад панядзелка ладзіць уласную акцыю салідарнасьці з А. Казуліным – даслаць ліст беларускаму прэзыдэнту можна наўпрост з інтэрнэт-старонкі выданьня.

Пікеты салідарнасьці і царкоўныя службы за спачын Ірыны Казулінай правялі беларусы замежжа ў Вільні, Маскве, Антвэрпэне, Лёндане і інш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?