Як распавяла БелаПАН сведка інцыдэнту — дзяўчына, якая папрасіла яе не называць, канцэрт панк-рок-гуртоў адбываўся у лесе ў раёне чыгуначнай станцыі Зялёнае, куды з'ехалася каля васьмідзесяці маладых людзей. Яны развялі вогнішча, некаторыя разбілі намёты.

Канцэрт пачаўся прыкладна ў 20.00, а праз дзве гадзіны яго перапынілі супрацоўнікі міліцыі, якія з'явіліся нечакана. Паводле дзяўчыны, гэта былі супрацоўнікі АМАП і людзі ў цывільным — усяго каля трыццаці чалавек.

«Яны нічога не тлумачылі і не патрабавалі, проста наляцелі і пачалі валіць хлопцаў на зямлю тварам уніз, дзяўчат не чапалі», — распавяла суразмоўца.

Гэтак жа, без тлумачэння прычын, іх пратрымалі каля паўтары гадзіны у лесе, а потым завялі ў аўтазак.

Тых, хто прыехаў на канцэрт на сваім транспарце, адпусцілі, папярэдне аштрафаваўшы за паркоўку ў неналежным месцы.

Астатніх, прыкладна 40—50 чалавек, прывезлі ў Ждановіцкі аддзел міліцыі УУС Мінскага райвыканкама, размешчаны ў пасёлку Ратамка, і сталі правяраць дакументы.

Некаторых адпускалі адразу, на іншых складалі пратаколы па артыкуле «дробнае хуліганства» Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

У дачыненні да суразмоўцы БелаПАН таксама склалі пратакол — яна абвінавачваецца ў нецэнзурнай лаянцы. Дзяўчыну пагражалі адправіць у ізалятар часовага ўтрымання, але ў выніку адпусцілі, папярэдне узяўшы падпіску, згодна з якой яна абавязаная з'явіцца па позве ў суд. Дата суда невядомая.

Цяпер, па словах дзяўчыны, у міліцыі застаюцца пяцёра затрыманых. Яны абвінавачваюцца па трох артыкулах: удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, знаходжанне ў нецвярозым стане і супраціў праваахоўным органам.

Суд над імі павінен адбыцца ў панядзелак, 3 жніўня.

Жорсткія дзеянні супрацоўнікаў міліцыі суразмоўца БелаПАН звязвае з тым, што ўлады асцерагаюцца любых нефармальных сходаў, у тым ліку канцэртаў, на якіх збіраецца моладзь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?