Сенат ЗША прыняў у пятніцу да разгляду законапраект «Сэсіл» супраць браканьерства. Назва законопректа непасрэдна звязана з мянушкай самага знакамітага льва ў Зімбабве, які нядаўна быў забіты амерыканскім стаматолагам і вядомым паляўнічым Уолтарам Палмерам.

Забойства ў Зімбабвэ льва Сэсіла, які лічыўся сімвалам Нацыянальнага парку Хванге, выклікала абурэнне ў свеце.

Трынаццацігадовы леў Сэсіл, улюбёнец мясцовага насельніцтва і замежных турыстаў, уладальнік чорнай грывы, якая выклікала ўсеагульнае захапленне, быў забіты 1 ліпеня ля мяжы Нацыянальнага парку Хванге ў Зімбабве, куды яго завабілі мёртвай жывёлай, прывязанай да аўтамабіля паляўнічых.

Асобу забойцы хутка вызначылі — гэта дасведчаны паляўнічы, дантыст з амерыканскага штата Мінесота Уолтар Джэймс Палмер. Палмер, які заплаціў за паляванне больш за 50 тысяч даляраў, заяўляе цяпер, што яго праваднікі мелі ўсе неабходныя дазволы.

Ён выказаў «глыбокае шкадаванне» ў сувязі са здарэннем, адзначыўшы, што «паняцця не меў» пра вядомасць льва Сэсіла і пра тое, што гэта жывёла была прадметам навуковых даследаванняў супрацоўнікаў Оксфардскага ўніверсітэта.

Палмер заявіў таксама, што з ім ужо звязаліся прадстаўнікі як амерыканскіх, так і зімбабвійскіх уладаў, і ён гатовы аказаць дапамогу следству. Артыкул пра нелегальнае паляванне ў Зімбабве прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да 10 гадоў.

Беламу зімбабвійскаму прафесійнаму паляўнічаму Тэа Бронкарсту і мясцоваму землеўладальніку Онесту Ндлову, якія суправаджалі амерыканца, прад'яўленыя абвінавачванні ў браканьерстве. У абодвух не было дазволаў на адстрэл льва.

У нацыянальных парках Зімбабве паляванне цалкам забароненае, таму Сэсіла выманілі за межы парку Хванге.

Як распавялі супрацоўнікі Упраўлення аховы навакольнага асяроддзя Зімбабве, Палмер параніў Сэсіла, на якога быў накіраваны прамень пражэктара, стралой з арбалета, аднак рана не была смяротнай, і леў уцёк. Праз 40 гадзін яны зноў знайшлі звера, застрэлілі яго і адсеклі жывёле галаву, а тушу льва пакінулі на месцы.

Як высветлілася, браканьеры спрабавалі знішчыць ашыйнік льва, у якім знаходзілася прылада, якая дазваляла вызначыць яго месцазнаходжанне. Мяркуючы па ўсім, паляўнічыя зразумелі, што забілі «не таго льва», і хацелі замесці сляды. Аднак умантаваны ў аброжак перадатчык працягваў пасылаць сігнал GPS, і парэшткі Сэсіла былі неўзабаве выяўленыя.

Сэсіл быў фактычна напалову ручной жывёлай.

Як адзначае кіраўнік Упраўлення аховы навакольнага асяроддзя Джоні Радрыгес, Сэсіл быў бацькам некалькіх ільвянят, якія, як заяўляюць спецыялісты, цяпер, хутчэй за ўсё, будуць забітыя ільвом, якія стане новым важаком зграі:

«Прырода такая, што зараз прыйдзе новы важак, заб'е усіх ільвянят Сэсіла, каб самкі зноў захацелі мець нашчадкаў, і такім чынам працягне ўласны род. У гэтым галоўная трагедыя».

Уолтэр Джэймс Палмер добра вядомы ў паляўнічых колах. Ён паляваў з арбалетам на леапардаў, буйвалаў, насарогаў, ласёў і іншых буйных жывёл.

У 2008 годзе Палмер прызнаўся ў забойстве ў штаце Віскансін чорнага мядзведзя барыбала, сказаўшы на судзе, што спадзяваўся на прафесіяналізм правадыроў, якія суправаджалі яго, і быў упэўнены ў законнасці гэтага палявання. Тады Палмера прысудзілі да года выпрабавальнага тэрміну.

Гібель льва Сэсіла справакавала ўсеагульнае абурэнне — твітар і старонку Палмера на фэйсбуку апанавалі гнеўныя каментары.

У фэйсбуку з'явілася суполка «Паляванне на Уолтэра Палмера». Яшчэ адна група называецца «Арышт Уолтэра Палмера». У памяць пра забітага льва людзі сталі ўскладаць кветкі і мяккія цацкі ля офіса ў прыгарадзе Мінеаполіса, дзе Палмер вядзе медычную практыку. Палмер прыпыніў працу і не з'яўляецца на публіцы.

Петыцыя з патрабаваннем прыцягнуць паляўнічага да адказнасці імгненна сабрала амаль 100 тысяч подпісаў. На адрас Палмера паступаюць цяпер і прамыя пагрозы.

У Зімбабве, а таксама ў ПАР і Намібіі паляванне на львоў і іншых буйных жывёл дазволена пры ўмове атрымання неабходнага дазволу. Забіваць дазваляецца толькі тых жывёл, якія ўжо не могуць даць патомства. У прыватнасці, у траўні гэтага года паляўнічы з Тэхаса застрэліў старога насарога, заплаціўшы за ліцэнзію 350 тысяч даляраў.

29 ліпеня прэзідэнт Асацыяцыі прафесійных паляўнічых ПАР прапанаваў перагледзець на бліжэйшым гадавым сходзе асацыяцыі палітыку ў галіне палявання на львоў. 95% львоў, якіх забіваюць паляўнічыя ў ПАР, — не дзікія жывёлы. Ад шасці да васьмі тысяч львоў цяпер вырошчваюць прыблізна на 150—200 фермах спецыяльна для арганізацыі палявання, якое прыносіць значныя прыбыткі. Гэтых жывёл выпускаюць на волю за 3—4 дні да пачатку палявання. Асацыяцыя паляўнічых ПАР выступае супраць такой практыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?