Перад выездам назад у калёнію «Віцьба» Аляксандар Казулін даў невялікую прэс‑канфэрэнцыю ў рэдакцыі інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Казулін быў абмежаваны ў часе, таму кантакты з прэсай былі сьціснутыя да паўгадзіны. На пытаньні палітвязень адказваў па‑расейску.

Пачаў А. Казулін зь невялікай прамовы, дзе акрэсьліў сваю пазыцыю па шэрагу пытаньняў.

«Я выйшаў з прапановай да ўсіх дэмакратычных сілаў падвесьці рысу, забыцца на ўсе свае нейкія асабістыя крыўды, зразумець, што дзяленьне ўжо скончылася. Усе мы мусім аб’яднацца для перамен, час гвалту вайны і тэрору канчаецца. Я выступіў з ініцыятывай аб’явіць 2008 год — годам Беларускай Народнай Рэспублікі, у нас, у Эўропе, у сьвеце. Я выступіў з прапановай аб стварэньні не аргкамітэту АДС, а народнага камітэту па сьвяткаваньні 90‑годзьдзя БНР. Таксама папрасіў апазыцыю заявіць, што сёлета мы правядзем Кангрэс усіх дэмакратычных сіл Беларусі. Гэты Кангрэс ня можа быць месцам разборак, а павінен быць прысьвечаны будучыні нашай краіны, яе месцы ў сьвеце, адносін з нашымі суседзямі, ЗША, Эўрасаюзам, Расеяй. Нам ня трэба на Кангрэсе патрабаваць нейкіх справаздач і апраўданьняў, ці высьвятляць, хто з нас найлепшы. Я прапанаваў, каб на Кангрэс была запрошаная Рада БНР на чале з Івонкай Сурвіллай. Таксама зьвяртаюся да грамадзкай арганізацыі «Бацькаўшчына», каб яны таксама ўвайшлі ў склад народнага камітэту, і паспрыялі, каб беларусы сьвету прыехалі на гэты Кангрэс. У Кангрэсе мусіць узяць удзел ня толькі палітыкі, але і пісьменьнікі, і моладзь, і прадпрымальнікі.

Сёньня я прачнуўся крыху іншым чалавекам. У маёй душы наступіў спакой. Гвалт не прыводзіць ні да чаго добрага, я гэта заўсёды ведаў. Я дарую Лукашэнку, мая сям’я даруе яму. Магу толькі сказаць, што нельга пераступаць празь сьвятыню, за сьвятыню змагаюцца і перамагаюць, але яе не абражаюць. Я працягваю руку да Лукашэнкі з абсалютна чыстым сэрцам і намерамі. Я прапаноўваю яму забыцца на ўсе асабістыя крыўды. Нягледзячы ні на што ён частка гісторыі незалежнай Беларусі. Я заклікаю яго падняць над асабістым і стаць сапраўды прэзыдэнтам Беларусі, а не звычайным сьмяротным. Лукашэнка чалавек са сваімі жарсьцямі і эмоцыямі, пара яму стаць прэзыдэнтам. Падняцца над нізкім і паказаць усё сьветлае, што ёсьць у кожным чалавеку, і, канечне, ёсьць у Лукашэнку. Я прапаноўваю яму забыцца на мінулае і пачаць усё з чыстага аркуша. У Лукашэнкі ёсьць сёньня выбар – прыняць маю прапанову і пачаць новы этап у разьвіцьці Беларусі.

Калі мы гаворым пра Расею, то нельга паліваць брудам вялікую краіну, у захаваюцца і будуць асаблівыя адносіны з Расеяй, аднак наша будучыня ў Эўропе і Эўрасаюзе.

За гэтыя два дні я быў вельмі ўражаны. Я ня мог згадаць ніводнага раёну Беларусі, адкуль не прыехалі людзі».

* * *

Ужо пасьля гэтага выступу журналісты мелі магчымасьць задаць пытаньні.

Як Вы сёньня зьбіраецеся дабірацца ў калёнію?

– Выеду прыкладна а пятай вечара на ўласнай машыне, без усялякага канвою.

Як у калёніі ўспрынялі навіну пра сьмерць Вашай жонкі?

– Асуджаныя зь вялікім жалем і спачуваньнем да мяне. Кіраўніцтва таксама праявіла чалавечнасьць.

Вы гатовы стаць на чале дэмакратычных сілаў?

– Калі кажуць, што нехта гатовы стаць лідэрам, я ўзгадваю Пятра Краўчанку, які сказаў, што гатовы стаць нацыянальным героем і лідэрам. Не чалавек рашае, а грамадзтва. Лідэр сам не становіцца, яго робяць людзі. Калі гэтага захочуць людзі, то іншая справа, а сам я такіх заяваў рабіць ня буду.

Што давала Вам сілаў цягам гэтых двух гадоў за кратамі?

– Я атрымліваў аграмадную колькасьць лістоў, як зь Беларусі, так і з-за мяжы. Мне пісалі ад дзяцей да пэнсіянэраў. Самы старэйшы чалавек, які мне напісаў, быў ва ўзросьце 86 гадоў. Там былі не радкі, а іхныя душы і сэрцы.

Можна спрагназаваць, што ўлады не паціснуць працягнутую Вамі руку, што рабіць тады?

– Ня трэба каяцца публічна, важна, каб пакаяньне было ў душы. Гаворка ідзе ня толькі пра Лукашэнку, але і пра ягоную каманду. Калі мы ня можам зьмяніць сьвет, мы павінны зьмяніць самі сябе. Трэба задумвацца не аб бытавых праблемах, а аб вечных. Нас усіх чакае Божы суд, які вельмі блізкі. Гэта ня толькі мая прапанова, але і прапанова нябёсаў. Калі гэтая прапанова будзе адрынутая, то Лукашэнка пакажа ўсяму сьвету, што ў яго няма нічога сьвятога. Агульная карысьць дасягаецца толькі шляхам кампрамісу, таму Лукашэнка мусіць пераадолець сябе.

Вы не чакаеце, што ўжо гэтымі днямі будзе падпісаны ўказ аб Вашым канчатковым вызваленьні?

– Я заўсёды разьлічваю на лепшае і рыхтуюся да найгоршага. Сёньня я гатовы да самага горшага разьвіцьця падзей. Я абсалютна ўпэўнены, што да 25 Сакавіка мяне ня вызваляць, што будзе далей гэтае іншае пытаньне.

Вы можаце праясьніць сытуацыю, хто канкрэтна Вам прапаноўваў ад’езд?

– Магу сказаць, што пасол Вайс быў шчыры ў сваім імкненьні мне дапамагчы, але ён не зусім добра ведае беларускія рэаліі. З улады мне прапаноўвалі гэта на самым высокім узроўні, нават ня трэба тлумачыць, зь якога, бо і так відавочна.

Цяпер Вы вяртаецеся ў калёнію, што будзе далей?

– Зь сёньняшняга дня я адмаўляюся ад усіх ультыматумаў да ўлады. Я ня буду больш галадаць і супраціўляцца патрабаваньнем рэжыму. Чаму? Бо простыя людзі на пахаваньні жонкі мяне прасілі аб гэтым. «Вашае жыцьцё патрэбнае нам», казалі яны мне. Гэтыя словы абудзілі ў ва мне адказнасьць за людзей. Адказнасьць і прымушае мяне прыняць кардынальна іншае рашэньне.

Рашэньне аб нявыезьдзе ў Германію Вы прымалі самастойна ці пасьля парадаў з боку сям’і?

– Любая жанчына хоча дапамагчы мужу. Любая жанчына хоча ўбачыць хаця б кавалачак сонца і свабоды. Маёй жонцы вельмі хацелася гэтага, але лячэньне ў Германіі фактычна не прапаноўвалася. Сыходзячы з таго, як хутка памерла мая жонка, то фактычна мне прапаноўвалася, каб яна памерла ў Германіі.

З турмы Вы неаднаразова заклікалі ЗША і ЭС увесьці эканамічныя санкцыі супраць Беларусі. Ваша пазыцыя ў гэтым пытаньні не зьмянілася?

– Кожны права прымаць рашэньні, якія лічыць патрэбнымі. Я не зьяўляюся кіраўніком ЗША ці ЭС. Яны прымаюць тыя рашэньні, якія сыходзяць зь іхнага разуменьня маралі і сумленьня. Таму прымаць падобныя рашэньні – іх права. Я ня буду гэтага камэнтаваць.

Ва Ўкраіне прагучала сёньня, што эўраінтэграцыя здольная аб’яднаць улады і апазыцыю. Ці магчыма нешта падобнае ў нас?

– Апазыцыя і ўлады розьняцца толькі на асновах духоўных каштоўнасьцяў, а не на нейкіх жорсткіх прыярытэтах матэрыяльнай і суб’ектыўнай рэчаіснасьці. Будучыня Беларусі ў ЭС досыць туманная і аддаленая, але мы павінны да гэтага імкнуцца, бо гэта будучыня нашай краіны. Ня выключана, што Лукашэнка зноў вернецца на «прынцып дубінкі», і тады Беларусь можа чакаць хаос. І якія наступствы будуць гэтага хаосу, вельмі цяжка сказаць.

Ці могуць расейскія выбары неяк паўплываць на сытуацыю ў Беларусі?

– Роля асобы ў гісторыі ўжо даказаная. Мядзьведзеў – гэта асоба, ён, у любым выпадку, ужо не асоба Пуціна. Так, яны сябруюць і маюць супольную палітыку, але элемэнт асабістага мядзьведзеўскага будзе відавочным. Нам трэба проста пачакаць, у якім ракурсе будуць разьвівацца гэтыя адносіны.

Што Вы думаеце пра стан апазыцыі ў Беларусі?

– Я паставіў кропку на мінулым, і не хачу лезьці ў нейкія разборкі. Цяперашні стан у апазыцыі відавочны. Навошта я буду вам гаварыць тое, што вы і так ведаеце? Калі кожны зробіць крок насустрач адзін аднаму, то мы дасягнём згоды.

Вас часта параўноўваюць з Лукашэнкам узору 1994 году. У чым прынцыповае адрозьненьне?

– Мы з Аляксандрам Рыгоравічам зьяўляемся антыподамі, а яны заўсёды прыцягваюцца. Той, хто займаецца вывучэньнем тэасофскай літаратуры, зразумее, што я сказаў.

Зьміцер Панкавец

Відэа Алеся Бондара

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0