Шаноўны Спадар Прэм’ер!

Мы, ніжэйпадпісаныя, хочам звярнуць Вашу ўвагу на жалю годнае здарэнне, якое мела месца ў Беластоку падчас Фестывалю беларускай песні ў суботу 23 лютага 2008 года.

Два студэнты з Беларусі, якія вучацца ў сталіцы Падляшскага ваяводства ў рамках стыпендыі імя Кастуся Каліноўскага (гэта стыпендыяльная праграма ўрада Рэспублікі Польшча для беларускай моладзі адлічанай з вучэльняў за апазіцыйную дзейнасць), разгарнулі бел‑чырвона‑белы нацыянальны сцяг. Гэтыя маладыя людзі былі сілай вынесены з залы ахоўнікамі, хаця яны спакойна стаялі побач сцэны, што відаць на прыложаным кампакт‑дыску з запісам усяго здарэння.

Бел‑чырвона‑белы сцяг быў устаноўлены афіцыйным дзяржаўным сцягам выбіваючайся на незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года і незалежнай Рэспублікі Беларусь у 1991 годзе. У 1995 годзе, насуперак выказанага ў рэферэндуме меркавання народа, гэты сцяг быў незаконна заменены на чырвона‑зялёныя колеры, якія звяртаюцца да камуністычнай сімволікі. Бел‑чыровна‑белы сцяг чыноўнікі прэзідэнцкай адміністрацыі трыумфальна парэзалі на кавалкі. Насуперак усяму беларусы ва ўсім свеце надалей лічаць гэты сцяг нацыянальным.

Мы, польскія беларусы, падымалі гэты сцяг з паловы 1980‑х гадоў, калі гэта студэнты, члены Беларускага аб’яднання студэнтаў, адважыліся выступіць пад ім. На працягу 20 гадоў, пры любых урадах — камуністычных, посткамуністычных ці постсалідарніцкіх — ніхто ў Польшчы не падняў руку на гэты сцяг, аж да мінулай суботы. Прытым адбылося гэта ў прысутнасці прадстаўнікоў польскіх парламентарыяў і мясцовых дэпутатаў, падляшскіх і беластоцкіх самаўрадавых улад, з якіх ніхто не адрэагаваў на гэты скандальны ўчынак. Прытым з засмучэннем даводзіцца сцвярджаць, што ўладу ў Падляшскім ваяводстве і горадзе Беластоку трымае менавіта Ваша палітычная групоўка супольна з меншымі кааліцыянтамі.

Вы, Спадар Прэм’ер, як гісторык і колішні дзеяч дэмакратычнай апазіцыі дасканала разумееце як важную ролю ў атрыманні Польшчай паўнаты незалежнасці ў 1989 годзе адыгрывала адчуванне гістарычнай і дзяржаўнай супольнасці, сімвалам якога быў дзень 11 лістапада 1918 года. Сваімі ранейшымі выказваннямі, паездкамі ў Беларусь і сустрэчамі з дзеячамі нашай супольнасці ў кастрычніку 2005 года Вы ўмацавалі нас усіх у пераканні, што дэмакратычная Беларусь заўсёды будзе карыстацца Вашай падтрымкай. У сувязі з гэтым звяртаемся да Вас з просьбай прыняць адэкватныя меры, каб падобная прафанацыя беларускага нацыянальнага сцяга не паўтарылася ў будучым.

З павагай

Яўген Вапа — старшыня Беларускага саюза ў Рэспубліцы Польшча

Алег Латышонак — старшыня Беларускага гістарычнага таварыства

Радаслаў Дамброўскі — старшыня Беларускага аб’яднання студэнтаў

Да ведама:

Маршалак Сейма РП Браніслаў Камароўскі
Віцэ‑прэм’ер Вальдэмар Паўляк
Маршалак Падляшскага ваяводства Яраслаў Дважанскі
Падляшскі ваявода Мацей Жыўна
Прэзідэнт горада Беластока Тадэуш Трускаляскі
Сродкі масавай інфармацыі


Спасылку на відэа даслаў сп. Сябар
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0