Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў закон аб нацыянальнай паліцыі, якая заменіць існуючую міліцыю, паведамляецца ў «Твітары» кіраўніка дзяржавы.
@APUkraine
Вярхоўная Рада прыняла закон аб паліцыі 2 ліпеня. У дакуменце, у прыватнасці, гаворыцца, што паліцыя ахоўвае правы і свабоды чалавека, змагаецца са злачыннасцю і падтрымлівае грамадскую бяспеку.
Паліцыянтам забаронена выказваць асабістае стаўленне да дзейнасці палітычных партый падчас выканання службовых паўнамоцтваў, а таксама выкарыстоўваць службовыя паўнамоцтвы ў палітычных мэтах.
Паліцыя, як прадугледжана ў законе, увойдзе ў структуру міністэрства ўнутраных спраў Украіны.
Першая змена патрульнай паліцыі Кіева прыступіла да выканання сваіх абавязкаў у пачатку ліпеня, пасля прыняцця закона Радай.
Як заявіла тады першы намеснік міністра ўнутраных спраў Украіны Кацярына Згуладзэ, да падпісання прэзідэнтам закона аб нацыянальнай паліцыі патрулі дзейнічаюць у тэставым рэжыме.
Парашэнка назваў стварэнне патрульнай паліцыі адной з самых маштабных рэформаў ва Украіне.
У складзе Нацыянальнай паліцыі, акрамя патрульнай, будуць функцыянаваць падраздзяленні крымінальнай і спецыяльнай паліцыі, паліцыя аховы і паліцыя асаблівага прызначэння.