У гістарычным і культурным цэнтры сталіцы ў жніўні адбудзецца цыкл канцэртаў «На біс». Аб гэтым паведаміла журналістам мастацкі кіраўнік дзяржустановы «Мінскканцэрт» Алена Радзівонава.

Класіка ля Ратушы. Фота Аляксандра Арсёнава

Класіка ля Ратушы. Фота Аляксандра Арсёнава

У праграме гледачам будуць прадстаўленыя калектывы і выканаўцы, якія прымалі ўдзел у святочных мерапрыемствах летняга музычна-турыстычнага сезона бягучага года. Падагульняючыя канцэрты па традыцыі пройдуць з 20.00 да 22.00. 

Так, 8 жніўня ў выкананні ансамбля «Мінск-класік» і квартэта драўляных духавых інструментаў «Рыўера» пад кіраўніцтвам Максіма Расохі прагучаць шэдэўры класічнай музыкі — творы Штрауса, Афенбаха, Вівальдзі, Баха, Моцарта і іншых. У суботу 15 жніўня на канцэртнай пляцоўцы каля ратушы выступіць Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Беларусі. Ужо 22 жніўня гледачоў чакае творчая сустрэча з Беларускім дзяржаўным заслужаным харэаграфічным ансамблем «Харошкі». Цыкл летніх музычных вечароў завершыцца 29 жніўня канцэртам папулярнай класічнай і сучаснай музыкі ў выкананні канцэртнага аркестра «Няміга».

Кожную нядзелю жніўня з 15.00 да 16.00 сваю творчасць мінчанам і гасцям сталіцы будуць дарыць ваенныя духавыя аркестры. Так, 9 жніўня каля ратушы выступяць музыканты духавога аркестра 56-га асобнага палка сувязі, 16 жніўня — Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, 23-га — 120-й ваеннай брыгады, 30 жніўня — роты ганаровай варты Ваеннай камендатуры Узброеных Сіл Беларусі.

Як адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення — начальнік аддзела ўстаноў культуры і культурна-асветніцкай работы Мінгарвыканкама Сяргей Мядзведзеў, музычныя вечары каля ратушы карыстаюцца папулярнасцю ў жыхароў і гасцей сталіцы. Так, кожны канцэрт збірае ад 3,5 тысяч гледачоў, а адзін з канцэртаў цыкла «Джазавыя вечары» наведалі амаль 7 тысяч чалавек.

Кожную суботу і нядзелю на тэрыторыі Верхняга горада праходзяць мерапрыемствы летняга музычна-турыстычнага сезона. Сваё майстэрства тут дэманструюць тэатральныя, харэаграфічныя калектывы, артысты вулічных тэатраў, праходзяць майстар-класы і выстаўкі дэкаратыўна-прыкладной творчасці і выяўленчага мастацтва, выстаўкі рамеснікаў і мастакоў, паказы з удзелам клубаў гістарычнай рэканструкцыі, светлавыя перформансы, творчыя вечары харавой, джазавай і камернай інструментальнай музыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?