На саміце НАТА, які адбудзецца ў Варшаве ў 2016 годзе, Польшча плануе дамагчыся сталай прысутнасці саюзнікаў у краіне. Пра гэта падчас пасяджэння соймавай камісіі па пытаннях абароны заявіў кіраўнік Мінабароны Польшчы Томаш Семоняк.

Паводле яго слоў, на апошнім саміце НАТА ў Ньюпорце ў верасні мінулага года Польшча разам з групай саюзнікаў дасягнула «хуткай і моцнай рэакцыі» на пагрозы, якія з'явіліся ва Усходняй Еўропе.

«Мы хочам у Варшаве дамагчыся таго, каб гэтыя змены ў НАТА былі працягнутыя, то бок, каб працягвалася прысутнасць альянсу на тэрыторыі Польшчы. Мы лічым, што пагрозы працягваюцца, таму і НАТА трэба падоўжыць гэтыя змены», — сказаў міністр абароны Польшчы.

Кіраўнік польскага абароннага ведамства адзначыў, што гаворка ідзе таксама аб распрацоўцы і ўдасканаленні здольнасці хутка і эфектыўна ўмацоўваць краіны ўсходняга флангу, у тым ліку размяшчаць склады баявой тэхнікі, а таксама размяркоўваць новыя інвестыцыі НАТА ў абароннай інфраструктуры рэгіёну.

Ён дадаў, што Польшча імкнецца забяспечыць, каб на саміце былі прынятыя рашэнні па дадатковых інвестыцыйным пакетах альянсу адносна абароннай інфраструктуры.

Акрамя таго, Томаш Семоняк выступіў за пашырэнне НАТА, у прыватнасці размова ідзе пра Македонію і Чарнагорыю.

Таксама міністр абароны Польшчы паведаміў, што ў чэрвені польскі ўрад накіраваў саюзнікам варшаўскую ініцыятыву адносна стратэгічнай адаптацыі, то бок пакет прапаноў перад самітам НАТА на тэму таго, як павінен змяніцца альянс. Асноўным прынцыпам прапанаванага дакумента, па словах польскага міністра, з'яўляецца «ўзмацненне НАТА ў цэлым, а не толькі падраздзяленняў хуткага рэагавання».

Нагадаем, саміт НАТА адбудзецца 8-9 ліпеня 2016 года на Нацыянальным стадыёне ў Варшаве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?