Выканкам Нацыянальнага алімпійскага камітэту (НАК) на паседжаньні ў чацьвер пазбавіў недзяржаўную спартовую газэту «Прессбол» дзвюх акрэдытацый на летнюю Алімпіяду‑2008 у Пэкіне, паведамляе БЕЛТА.

Паводле словаў кіраўніка камісіі НАК па рабоце са СМІ Аляксея Мірашнічэнкі, прычынай стаў артыкул мэдалісткі Алімпійскіх гульняў у біятлёне Сьвятланы Парамыгінай «Алімпійская сьметніца», які быў надрукаваны ў газэце ў сьнежні. Нібыта пасьля гэтай публікацыі многія былыя спартоўцы зьвярнуліся з просьбай абараніць гонар і годнасьць НАК.

«Мы ня можам закрыць газэту, але выказаць свае адносіны маем права», — сказаў першы віцэ‑прэзыдэнт НАКа Генадзь Аляксеенка.

Сябры выканкаму адзінагалосна падтрымалі прапанову аб пазбаўленьні найбуйнейшага спартовага выданьня краіны дзьвюх ліцэнзій на Алімпіяду ў Пэкін. Такім чынам, галоўную падзею спартовага году з сталіцы Кітаю будуць асьвятляць толькі дзяржаўныя СМІ. Па два журналісты паедуць ад «Спортивной панорамы», «Советской Белоруссии», «Рэспублікі» і БЕЛТА, па адным з «Народнай газеты» і «Звязды».


Уладзімер Беражкоў
Мы папрасілі пракамэнтаваць сытуацыю галоўнага рэдактара «Прессбола» Ўладзімера Беражкова:

«Я сам прачытаў гэтае паведамленьне некалькі хвілінаў таму, і ўсё яшчэ не магу паверыць у тое, што адбылося. Да гэтага не было ніякіх прадпасылак і прычынаў. Я ў поўным шоку. Ня так даўно ад афіцыйных асоб нам прыйшла поўная інфармацыя аб Гульнях, у якіх гатэлях будуць жыць журналісты, як перасоўвацца і г.д. Ад нас таксама патрабавалі пэрсаніфікацыі, каб мы як можна хутчэй вызначыліся, хто ж з рэдакцыі едзе ў Кітай. НАК апошнім часам, наадварот, выходзіў на нас з просьбай асьвятляць тыя, ці іншыя спаборніцтвы. Мы заўсёды ішлі ім насустрач. Ніякіх прэтэнзій у нашай працы не было. Таму навіну аб пазбаўленьні акрэдытацыі я магу ацэньваць толькі як кулюарныя разборкі, нібыта нас ударылі нажом у сьпіну. Калі высокі чыноўнік кажа, што ня ў стане закрыць выданьне, то ён гэтага хоча. Хоча таму, што мы крытычна ставімся ў газэце да многіх аспэктаў спартовага жыцьця, крытыкуем таго ж чыноўніка».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?