Алесь Пушкін сустракае 50-годдзе ў роднай вёсцы Бобр Крупскага раёна. Каля дома накрытыя сталы, і цэлы дзень прымае гасцей і віншаванні. Як на карцінах Пірасмані — застолле, тосты.

Да такой круглай даты Пушкін падышоў з вялікім багажом — чацвёра дзяцей (тры дачкі і сын), адзін унук. Унука падарыла дачка Ганна. Хлопчык нарадзіўся 1 жніўня. Імя яму яшчэ не далі.

Сваім вялікім набыткам ён называе і свае карціны, выставы… Кажа, што калі нехта не ведае яго палотнаў, то пра перформанс з тачкай гною да рэзідэнцыі Лукашэнкі чулі. Гэта было ў 1999-м. Мастак адзначае, што пасля таго перформансу маці яго пабіла палкай: маўляў, сын не ўсведамляў, што з ім маглі за тое зрабіць. А яна перажывала.

Калі ж у 1989 годзе Пушкін правёў палітычны перформанс да 71 гадавіны абвяшчэння БНР і яго асудзілі на ўмоўны тэрмін, маці стрымана рэагавала. А вось бацька, які адседзеў у лагеры, моцна быў уражаны: за такі ўчынак сына не толькі не пасадзілі ў турму, але і пакінулі вучыцца ў Акадэміі мастацтваў.

Найбольшым сваім мастацкім творам Пушкін лічыць роспіс царквы ў Бабры. Хаця фрэска з судом Божым прынесла Пушкіну шмат непрыемнасцяў. Царква ў 2011 згарэла. Цяпер, праўда, храм аднавілі. І мастак будзе звяртацца да епіскапа, каб яму зноў дазволілі яго распісаць.

Сам Алесь Пушкін называе вялікай падзеяй для роднай вёскі сваё нараджэнне. За 500-гадовую гісторыю Бабра гэта адзінкавы выпадак, каб вясковы хлопчык стаў мастаком, вярнуўся ў Бобр і распісаў царкву.

Падчас вучобы ў Акадэміі мастацтваў яго забралі ў армію. Кажа, што калі былі ў Ташкенце ўжо, паведамілі ім пра вылет у Афганістан на вайну. Ён быў у верталётным палку — абслугоўваў верталёты. Непасрэдна ў баявых дзеяннях не ўдзельнічаў. Таму і страшна там не было. Прынамсі, пра смерць не задумваўся. Канечне, былі абстрэлы. Уразіла смерць салдата: адбыўся самастрэл і хлопец паміраў на вачах у Пушкіна. Мастак запомніў яго вочы, поўныя жаху.

Пушкін прыгадвае публікацыю ў «Комсомольской правде», у якой аўтарка разважала над двума варыянтамі для мастака ў будучым. Па першым, Пушкін прызнаны ў Беларусі, яго карціны вісяць у галерэях, пра яго пішуць афіцыйныя газеты. Па другім, ён бедны, збірае каля царквы міласціну. Ні адзін прагноз не спраўдзіўся.

У 1997 годзе ў Алеся Пушкіна забралі мастацкую галерэю ў Віцебску. І з таго часу ён жыве ў Бабры. Тут пахаваны яго бацькі і дзяды. І яго гэтая энергетыка сілкуе. Тут жыве з жонкай Янінай і малодшымі дзецьмі Міколам і Марыляй. Тут ён стварыў сваю беларускамоўную сям’ю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?