Галоўны офіс velcom за Верхнім горадам. Фота: Прэс-служба velcom

Галоўны офіс velcom за Верхнім горадам. Фота: Прэс-служба velcom

velcom не баіцца экспансіі расійскіх аператараў на беларускі рынак, а зніжэнне цэн на роўмінг, запланаванае ў межах Еўразійскага эканамічнага саюзу не асабліва ўдарыць па кішэні мабільных аператараў, распавёў фінансавы дырэктар кампаніі Дзяніс Філазафовіч падчас аповеду пра будучы дата-цэнтр кампаніі.

Галоўныя праблемы аператараў — доступ да частот, на якіх здзяйсняецца сувязь (на іх у Беларусі амаль дэфіцыт) ды доступ да міжнароднага інтэрнэт-шлюзу (з ім у Беларусі дуаполія). Але гэтыя праблемы не крытычныя.

Тое, што частот для сувязі ледзь хапае тром беларускім аператарам (а права іх выкарыстоўваць каштуе мільёны даляраў), можа стрымаць расійскіх аператараў ад экспансіі на беларускі рынак, нягледзячы на змены ў беларускім заканадаўстве праз удзел у ЕАЭС. Да таго ж, беларускі рынак, што адкрыецца для расійскіх аператараў, па іх мерках даволі невялікі, тым часам як расійскі рынак, што адпаведна адкрыецца беларускім аператарам, мае прывабныя для беларусаў маштабы.

Як і радыёчастотны спектр, доступ да інтэрнэту ў «знешнім свеце» (міжнародны шлюз) кантралюе дзяржава. Але ад манаполіі «Белтэлекама» Беларусь прыйшла да «дуаполіі» — міжнародны трафік таксама прадае Нацыянальны цэнтр абмену трафікам. Дзве дзяржструктуры паволі канкуруюць між сабой, выбар у аператараў ёсць. Цэны могуць пачаць паступова зніжацца — усё ж фармальна на міжнародны трафік ужо не манаполія. Права на пропуск міжнароднага трафіку ў мінулым годзе атрымала і трэцяя кампанія, напаўдзяржаўны beCloud, тэарэтычна яна можа стаць канкурэнтам «Белтэлекама» і НЦАТ.

Хаця фінансавыя крызісы балюча б’юць па мабільных аператарах, можна адзначыць пазітыўны момант: паступовую дэдалярызацыю выдаткаў. Адзін з самых непрыемных момантаў крызісаў у тым, што прыбыткі аператар атрымлівае ў рублях, а грошы на большасць уласных выдаткаў выдаткоўвае ў замежнай валюце. Нягледзячы на фінансавы крызіс, velcom у першым квартале 2015-га інвеставаў дастаткова сродкаў (праўда, збольшага ў валюце) у мадэрнізацыю сеткі, кантактнага цэнтру і IT-інфраструктуры, а зэканоміць давялося «на мэблі і машынах» (16-ы дзень народзінаў адзначылі сціпла, але прыгожа).

Прычын для рэзкага падвышэння тарыфаў для насельніцтва velcom пакуль не бачыць, але паступовая індэксацыя цэн можа адбывацца ўслед за інфляцыяй.

Запланаванае ў ЕАЭС зніжэнне платы за роўмінг не прывядзе да значных убыткаў аператараў, а значыць, і да росту цэн на паслугі для «родных» абанентаў. Прыбыткі ад роўмінгу далёка не такія вялікія, як думаюць некаторыя, — нададзеная вага прыбыткаў ад роўмінгу ў беларускіх аператараў невысокая, у адрозненне ад Еўрапейскага саюзу.

Асноўная праблема з цэнамі на роўмінг не тэхнічнага характару — справа ў міжнародных фінансавых стасунках кампаній і іх маркетынгавай палітыцы. Аператары не маюць асаблівага стымулу рабіць надзвычай выгадныя прапановы замежным аператарам, на рынку роўмінгу «не рынкавае асяроддзе».

У Еўропе стасункі між аператарамі былі адрэгуляваныя на наддзяржаўным узроўні такім чынам, што аператары перасталі спрачацца між сабой і разам пачалі зніжаць цэны на роўмінг. У ЕАЭС жа стасункі між аператарамі розных краін пакуль не рэгламентаваныя належным чынам (нават Расія падзеленая на зоны роўмінгу ўсярэдзіне краіны, тэлефанаваць з Масквы ва Уладзівасток даволі дорага). Калі будзе наддзяржаўнае дырэктыўнае рашэнне — цэны на роўмінг прыйдзецца знізіць, але аператараў гэта не страшыць.

Да канца гэтага года ў Беларусі мае быць запушчаная LTE-сетка, што дасць абанентам хуткасны мабільны інтэрнэт стандарту 4G. Пакуль усё паводле плану, ды план у многім не акрэслены.

Так, velcom пакуль не можа казаць пра тарыфы на LTE і нават пра тое, ці будзе плата за карыстанне LTE-сеткамі здымацца па асобным тарыфе, ці будзе «ўплеценая» ў звычайныя тарыфы.

Надзвычайных інвестыцый у LTE аператару не давядзецца рабіць — тэхнічна velcom ужо гатовы да ўкаранення стандарту, пры патрэбе (і магчымасці) яно зойме максімум некалькі месяцаў, а мо і некалькі тыдняў.

Многае залежыць ад кампаніі beCloud — інфраструктурнага аператара, што атрымаў ад дзяржавы частоты на LTE-сувязь, прымае інвестыцыі ад мабільных аператараў ды размяркоўвае на іх агульную інфраструктуру сеткі. Філазафовіч не ўзяўся казаць, добрая такая схема ці дрэнная: вядома, там, дзе існуе прамая канкурэнцыя, большыя шанцы на хуткае і выгаднае развіццё, але ў зусім новых тэхналогіях «штуршок» з боку дзяржаўнага «аператара-размеркавальніка» можа аказацца карысным.

Нагадаем, LTE-сетка ў Беларусі ўжо дзейнічала нядоўгі час — у 2012 годзе ў Беларусі яе запусціла расійская Yota, але хутка згарнула праект і сышла з краіны. Паслуга не займела шырокай папулярнасці — магчыма, не ў апошнюю чаргу праз высокія цэны. Частоты на LTE спрабаваў атрымаць (некалі дзяржаўны, пазней незалежны) аператар «БелСел», ды яму адмовілі з невядомых прычын (магчыма, праз планы па стварэнні beCloud), а пазней і проста закрылі (з прычын, з LTE не звязаных наўпрост).

У сетцы velcom да выкарыстання LTE-сетак ужо гатовыя каля 10% абанентаў — іх смартфоны і планшэты ўжо падтрымліваюць тэхналогію. Верагодна, блізкая сітуацыя і ў іншых аператараў. Калі дазволяць умовы інфраструктурнага аператара, на гэты раз можа атрымацца зацікавіць беларусаў хуткасным LTE-інтэрнэтам па «нястрашных» цэнах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?