Кіраўнік міністэрства сельскай гаспадаркі Расіі Аляксандр Ткачоў лічыць, што санкцыйныя прадукты могуць прадстаўляць пагрозу для здароўя расейцаў, таму іх неабходна знішчаць.

Фото: «КоммерсантЪ»

Фото: «КоммерсантЪ»

Па словах Ткачова, санкцыйная прадукцыя, як правіла, сумнеўнай якасці. «Мы не можам дазволіць, каб яна пастаўлялася ў крамы, мы не можам рызыкаваць здароўем нашых грамадзян», — заявіў Ткачоў.

Пры гэтым, тлумачачы, чаму прадукты нельга раздаць маламаёмасным расейцам, Ткачоў не згадаў пра небяспеку гэтых прадуктаў для здароўя бедных. Са слоў Ткачова, прадукты не могуць быць размеркаваныя сярод маламаёмных з-за небяспекі карупцыі.

«Калі гэтыя прадукты будуць размяркоўвацца, то дзе гарантыя, што не будзе карупцыі, перавышэння паўнамоцтваў?» — кажа міністр.

Як падкрэсліў міністр, знішчэнне санкцыйных прадуктаў адпавядае сусветнай практыцы. «Ёсць сусветная практыка — калі ты парушыў закон, калі гэта кантрабанда, гэта павінна падлягаць знішчэнню», — заявіў ён.

Між тым, больш за 280 тысяч расейцаў ўжо выказалі пратэст у сувязі са знішчэннем свежых прадуктаў і выступілі за перадачу іх грамадзянам, якія жывуць у нястачы, падпісаўшы петыцыю. Як сказаў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў, у Крамлі яе «прымуць да ўвагі».

Па словах Пяскова, меркаванні, паводле якіх знішчаюцца прадукты, такія: спыніць кантрабанду, рэалізаваць санкцыі супраць шэрагу краін (якія ўвялі санкцыі супраць РФ), абараніць эканамічныя інтарэсы Расіі, а галоўнае — забяспечыць клопат пра здароўе грамадзян.

Пяскоў сказаў, што петыцыя пакуль не правераная. Улады выказвалі сумневы ў аўтэнтычнасці подпісаў. Ініцыятары звароту заявілі пра гатоўнасць даказаць, што яны — рэальныя людзі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?