Вядомаму беларускаму мастаку Алесю Пушкіну 6 жніўня споўнілася 50 гадоў. 

Гэта нагода прыгадаць адну з падзей у ягонай біяграфіі — 25 сакавіка 1989 года, якая ўвайшла ў айчынную гісторыю як першы палітычны перформанс, мела сур’ёзныя наступствы не толькі асабіста для Пушкіна (два гады ўмоўна і пяць гадоў — паражэнне ў правах), але істотна змяніла дынаміку перабудоўчых працэсаў у Беларусі.

Кіраўніцтва БССР, напалоханае інцыдэнтам з Пушкіным, зрабіла такія захады, што ўзмацнілі рэпрэсіўны накірунак ва ўрадавым курсе, абмежавалі магчымасці тых палітычных сілаў (у першую чаргу Народнага Фронту), якія ўсё актыўней выступалі супраць камуністычных уладаў. Але напачатку трошкі перадгісторыі.

У фондах Нацыянальнага архіва захаваўся цікавы дакумент — ліст намесніка Пракурора БССР Івана Сашчэкі на адрас Прэзідыума Вярхоўнага Савета ад 9 лістапада 1989 г. У ім, у прыватнасці, ішла гаворка вось аб чым: «28 октября 1988 г. в 12 час. 15 мин. сотрудниками Первомайского РОВД г. Минска за организацию возле здания театрально-художественного института собрания граждан и вывешивание объявлений с призывом принять участие в митинге 30 октября был задержан г. Пушкин А.Н. За допущенное нарушение постановлением народного суда Первомайского района г. Минска Пушкин А.Н. был подвергнут административному взысканию в виде ареста на 5 суток».

Алесь Пушкін з паплечнікамі ля будынка суда, лета 1989 год.

Алесь Пушкін з паплечнікамі ля будынка суда, лета 1989 год.

Падчас праверкі высветлілася, што «в пятницу, 28 октября, в первом часу дня студент Белорусского театрально-художественного института Александр Пушкин у входа в институт вывесил плакат: «Внимание! Внимание! Внимание! Товарищество молодых литераторов при СП БССР «Тутэйшыя» приглашает всех, кто не забыл, откуда он родом, отдать дань уважения нашим предкам, нашему славному и трагическому прошлому».

Студэнта А. Пушкіна неадкладна даставілі ў міліцыю. Праз некалькі гадзін старшыня Першамайскага раённага народнага суда вызначыў яму пяць сутак арышту. Але неўзабаве выбухнуў скандал. Аказалася, што студэнт А. Пушкін — выдатнік вучобы, лаўрэат ганаровай стыпендыі імя Скарыны, воін-інтэрнацыяналіст. Арышт студэнта разварушыў увесь інстытут. У выніку судовае рашэнне было зменена.

Мітынг да дня памінання продкаў (Дзядоў), у якім Пушкіну не давялося ўдзельнічаць, усё ж адбыўся ў Мінску, але быў жорстка разагнаны праваахоўнымі органамі.

Тым не менш, Алесь Пушкін актыўна ўдзельнічае ў грамадска-палітычным жыцці рэспублікі, у тагачасным нефармальным руху. У студзені 1989 г. Пушкін прысутнічаў на з’ездзе беларускіх суполак («Другі вальны сойм») у Вільні.

Камуністычная прэса раз-пораз крытычна ўспамінала Пушкіна. Напрыклад, у нумары «Вечернего Минска» за 22 сакавіка 1989 г. у ананімным артыкуле з характэрнай назвай «Демократия навыворот» Алесь Пушкін абвінавачваўся ў антысемітызме, у тым, што быццам бы заклікаў будаваць Беларусь «без жидов и коммунистов».

Па-сапраўднаму аб Пушкіне загаварылі, калі ён 25 сакавіка 1989 г. выйшаў на вуліцу Мінска, трымаючы плакат з перакрэсленым Дзяржаўным сцягам БССР узору 1951 г. і лозунгам «Досыць сацыялістычнай, адродзім народную Беларусь!»

Рэакцыя ўладаў была імгненнай. У прэсе распачалася кампанія супраць студэнта. Амаль усе рэспубліканскія выданні перадрукавалі караценькую занатоўку «Страсти по Пушкину», у якой будучага мастака намалявалі ледзь не злачынцам, што лаецца і кідаецца з кулакамі на мінакоў.

Гэты ўнікальны здымак перформанса адважылася надрукаваць толькі газета «Знамя юности» 27 сакавіка 1989 г.

Гэты ўнікальны здымак перформанса адважылася надрукаваць толькі газета «Знамя юности» 27 сакавіка 1989 г.

Інцыдэнт з Пушкіным улады вырашылі выкарыстаць у сваіх мэтах для барацьбы з варожай, на іх думку, сімволікай: бел-чырвона-белым сцягам і гербам «Пагоня».

Паводле эстэтычных якасцей яны паспяхова супернічалі з дзяржаўнымі сімваламі БССР і прываблівалі неабыякавых людзей, асабліва моладзь. Цікавасць грамадскасці да «Пагоні» і бел-чырвона-белага сцяга была настолькі вялікай, што ў справу ўмяшалася пракуратура. Так, у сакавіку 1989 г. начальнік аддзела агульнага нагляду пракуратуры сталіцы праз газету «Вечерний Минск» папярэдзіў публіку аб незаконнасці выкарыстання незарэгістраванай сімволікі.

31 сакавіка 1989 г. Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР унёс змены і дапаўненні ў Кодэкс Беларускай ССР аб адміністрацыйных правапарушэннях. Згодна з імі, істотна узмацнялася адказнасць (штраф) за выкарыстанне незарэгістраванай сімволікі, у тым ліку і эмблем, чаго не было нават у агульнасаюзным заканадаўстве. Адыёзныя палажэнні ўказа выклікалі занепакоенасць грамадскасці. Шэраг грамадзян выступілі супраць рашэння Прэзідыума. Лісты з пратэстамі прыйшлі з Пінска, Маладзечна, іншых гарадоў рэспублікі.

У сваю чаргу ўлады распачалі ў СМІ кампанію па тлумачэнні ўказа, які абараняў, у прыватнасці, вядомы сёння Рыгор Васілевіч.

Зацвярджэнне ўказа Вярхоўным Саветам 29 ліпеня 1989 г. прайшло не без цяжкасцей, супраць яго выступіў дэпутат Ніл Гілевіч і інш. Дарэчы, гэты ўказ страціў юрыдычную моц толькі 31 снежня 2006 г.

Але на прыняцці ўказа справа не скончылася. Імя А. Пушкіна фігуравала ў выступленні Пракурора БССР Георгія Тарнаўскага 20 красавіка 1989 г. перад народнымі дэпутатамі СССР, выбранымі ад Беларускай ССР. Бел-чырвона-белы сцяг чыноўнік ахарактарызаваў як «псевдонациональный флаг сомнительного происхождения». На XIII пленуме ЦК КПБ 22 чэрвеня 1989 г. канстатаваўся развал выхаваўчай работы ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

Пасля інцыдэнту з Алесем Пушкіным улады ўзяліся за папулярызацыю дзяржаўнай сімволікі БССР.

Аказалася, што пераважная большасць насельніцтва вельмі павярхоўна ўяўляла сабе гісторыю, геральдычную сутнасць Дзяржаўнага герба БССР, не ведала спалучэння колераў, значэння арнаменту, правіл уздыму Дзяржаўнага сцяга і інш. Таму публікацыя ў сакавіку 1989 г. у рэспубліканскім друку «актуальнага інтэрв’ю» з намеснікам міністра юстыцыі БССР Васілём Лоўчым не была выпадковасцю. Высокапастаўлены чыноўнік, які на ўзроўні шараговага прапагандыста з таварыства «Веды» тлумачыў ролю і значэнне Дзяржаўнага сцяга, відавочна, імкнуўся змякчыць наступствы «справы Пушкіна».

Папулярызацыя сімволікі ажыццяўлялася з прыцягненнем навукоўцаў, якія мусілі аргументавана даказаць непарыўную сувязь дзяржаўнай сімволікі БССР з яе грамадскім ладам, менталітэтам беларусаў, прыроднымі асаблівасцямі краю.

Усхваленне савецкіх сімвалаў спалучалася з крытыкай «Пагоні» і бел-чырвона-белага сцяга. Праграмным у гэтым сэнсе быў артыкул выкладчыкаў гістарычнага факультэта БДУ Аляксандра Стуканава і Уладзіміра Касмылёва «Государственные символы Советской Белоруссии» (Советская Белоруссия, 1989, 15 красавіка). Аўтары артыкула, падрабязна выклаўшы гісторыю дзяржаўных сімвалаў БССР, патэтычна заяўлялі, што яны дарагія савецкаму чалавеку «как родная земля».

Палітычны перформанс Алеся Пушкіна 25 сакавіка 1989 г. спрыяў папулярызацыі бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня», стаў пэўным крокам да таго, каб гэтыя сімвалы сталі дзяржаўнымі.

Канечне, 19 верасня 1991 г. адбылося не толькі з-за Алеся Пушкіна, але гэта была і яго рэвалюцыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?