Гарадзенскія ўлады маюць некалькі сур’ёзных інвэстараў, у тым ліку ўрад Масквы, каб аддаць ім для «упарадкаваньня» стары квартал пад назвай «Новы сьвет». Пра гэта паведаміў сёньня намесьнік старшыні Анатоль Кунаш.

Гэты квартал пачаў забудоўвацца больш за сто гадоў таму. Пляны ўладаў па яго «парадкаваньні» выклікалі летась пратэсты актыўнай часткі грамадзкасьці, моладзі. Гэты квартал ня трапіў у ахоўную частку гістарычнай забудовы, таму ўлады плянуюць пакінуць у «Новым сьвеце» толькі моцныя цагляныя камяніцы.

Як забудоўваць вызваленую тэрыторыю, будзе вырашаць сам інвэстар, але новыя дамы ня будуць вышэйшымі за тры‑чатыры паверхі, зазначыў спадар Кунаш. Паводле чыноўніка, урад Масквы выбірае ў іншых былых савецкіх рэспубліках участкі, якія яму цікавыя, і ўкладае ў іх грошы.

Сяргей Астраўцоў, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0