Забарона на наведванне лясоў уведзена па ўсёй Беларусі, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.

У наступныя дні тэмпература чакаецца каля 30—36 градусаў, пры гэтым ападкаў не прагназуецца. «Таму ў мэтах прадухілення выпадкаў ўзнікнення лясных пажараў і недапушчэння ўскладнення становішча ва ўсіх раёнах краіны ўведзена забарона на наведванне лясоў», — растлумачылі ў міністэрстве.

У перыяд забароны закрываюцца ўсе шлагбаўмы на з'ездах з дарог у лясы, пры неабходнасці ўсталёўваюцца шыльды з інфармацыяй аб забароне наведвання лесу і адказнасці за яго парушэнне.

Самастойна адкрываць шлагбаўмы на ўездах у лес нельга. Што тычыцца аўтатранспарту, то праязджаць на ім можна толькі па дарогах, якія вядуць да населеных пунктаў, а таксама да ўладкаваных месцаў адпачынку. Распальванне вогнішчаў у лясах і на тарфяніках на перыяд забароны альбо абмежавання наведвання лясоў забаронена.

У міністэрстве нагадалі аб адказнасці за парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах і на тарфяніках альбо забароны на іх наведванне. Так, калі парушэнне не пацягнула прычынення шкоды, то парушальніку пагражае папярэджанне або штраф у памеры да 25 базавых велічынь (адна базавая зараз роўная Br180 тыс.). Парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах або на тарфяніках, што пацягнула знішчэнне або пашкоджанне лесу або тарфянікаў, пацягне накладанне штрафу ў памеры ад 25 да 50 базавых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?