Дылма Русеф. Фота: diplomatafm.com.br

Дылма Русеф. Фота: diplomatafm.com.br

Дылма Русеф стала самым непапулярным лідарам Бразіліі з 1985 года, калі ў краіне скончылася ваенная дыктатура, піша Digital Journal.

Як паказала апытанне, 71% адназначна не ўхваляе дзеянні Русеф на пасадзе прэзідэнта (яшчэ месяц таму было 65%). Падтрымліваюць яе дзеянні толькі 8% (мінус два адсоткі за месяц). Роўна дзве траціны хочуць імпічменту.

Адказы амаль не залежаць ад узроўню адукацыі ці прыбытку апытаных.

Як піша выданне, Русеф не любяць за разгул карупцыі (і ў прыватнасці карупцыйны скандал з дзяржаўнай нафтавай кампаніяй «Petrobras»), стагнацыю эканомікі, высокую інфляцыю (за 2014 год цэны выраслі на цэлых 6,87%, на прыкладна такім узроўні інфляцыя трымаецца ўжо дзясятак год) і рост беспрацоўя. Не любяць яе і за ціск у будаўніцтве гідраэлектрастанцый у басейне Амазонкі (большасць супраць).

Асабліва нявыгадна яна глядзіцца на фоне надзвычай папулярнага папярэдніка, былога прэзідэнта Луіса Інасіу дэ Сільва (у народзе проста «Лула»). Нават Фернанду Колар ды Мелу, які ў 1992 годзе праз імпічмент быў скінуты з пасады прэзідэнта за карупцыйны скандал, меў рэйтынг непадтрымкі ў 68%.

Што цікава, Русеф знаходзіцца на другім прэзідэнцкім тэрміне. Упершыню яна была абраная ў 2010 годзе, у першым туры мела 46,9% галасоў, у другім — 56%. На наступных выбарах у 2014 годзе ў першым туры яна набрала 41,6%, у другім перамагла з мінімальным адрывам і 51,6% галасоў.

***

Дылма Русеф — першая жанчына-прэзідэнт у гісторыі Бразіліі. У канцы 1960-х была сябрам узброенага падполля у Сацыялстычнай партыі Бразіліі і яе радыкальным «баявым» крыле «Каманда нацыянальнага вызвалення». Асабіста не брала ўдзел у баях. З 1970 па 1972 год была ў турме, перажыла катаванні. Праз пэўны час па вызваленні пачала легальную палітычную дзейнасць, брала ўдзел у папулісцкай Дэмакратычнай рабочай партыі. З канца 1990-х сябра левацэнтрысцкай Партыі працоўных (якую заснаваў яе папярэднік на пасадзе прэзідэнта — Лула). На сёння ёй 67 год. Двойчы была замужам, разведзеная, мае дачку і ўнука. У 2009 годзе злекавалася ад раку лімфавузлоў, праз хіміятэрапію пэўны час хадзіла ў парыку.

Яшчэ ў 2014-м называлася Forbes чацвёртай у спісе самых уплывовых жанчын планеты (перад ёй былі Ангела Меркель, Джанэт Елен і Мелінда Гейтс). У рэйтынгу 2015 года ўжо толькі сёмая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?