Для таго, каб абрабаваць яго, невядомаму дастаткова было пагрукаць у дзьверы й назваць сябе інкасатарам са Сьветлагорску. Дарэчы, да міліцыі было ўсяго 250 мэтраў. Сьледзтва працягваецца.

У гарадскім пасёлку Сасновы Бор Сьветлагорскага раёну аддзяленьне «Беларусбанку» знаходзіцца ў двухпавярховым будынку разам з поштай і аптэкай. Пастарунак міліцыі — на суседняй вуліцы, прыблізна ў 250 м ад банку.

25 лютага паміж 13‑цю і 14‑цю гадзінамі ў міліцыю патэлефанавала загадчыца аптэкі. Яна паведаміла, што аддзяленьне банку абрабавана. Празь некалькі хвілін міліцыянты ўзялі месца здарэньня пад назіраньне. На другім паверсе будынку знайшлі дзяўчыну — старшага касіра, якая была ўся ў сьлязах.

Тая распавяла, што прыблізна ў 13 гадзін 10 хвілін, падчас абедзенага перапынку, хтосьці пагрукаў у дзверы банка. На пытаньне касіра: «Хто там?» — невядомы адказаў: «Інкасацыя». Касірка адчыніла ўваход, мужчына ў чорнай шапцы з прарэзамі для вачэй ударыў яе ў твар і паваліў на падлогу. Ён прайшоў за перагародку, забраў з касы каля 9 млн. руб. у банкаўскіх упакоўках і ўцёк. Грошы прызначаліся для выплаты ў гэты дзень заробку работнікам жыльлёва‑камунальнага прадпрыемства «Сьветач».

Міліцыянты пачалі шукаць рабаўніка ў будынку і на вуліцах, у тым ліку пры ўдзеле кіноляга з сабакам, але вынікаў гэта не дало. Мясцовыя людзі ня бачылі, каб падчас здарэньня хтосьці выходзіў з банку. На месцы здарэньня пабываў дырэктар раённага філіялу «Беларусбанку» Міхаіл Калінін. На меркаваньне супрацоўнікаў аддзелу бясьпекі раённага філіялу, старшы касір паводле інструкцыі не павінна была адыходзіць ад кропкі трывожнай сыгналізацыі і адчыняць дзьверы.

Паводле: Арсень Даніловіч, BulletinOnline.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0