- Гарадзкі раманс
- Не хадзі па горадзе лахудраю,
На рабоце ўсе зь цябе сьмяюцца!
Ні прычоскі, ні памады з пудраю —
І ў дзярэўні так не адзяюцца.
Гавараць: ні ў лічным, ні ў абшчэсьцьвенным
Не шанцуе непрыгожай дзеўцы —
Норкавая шапка мольлю сьсечана,
Паліто заўсёды ўсё ў пабелцы.
Наша прыбіральшчыца Марыначка,
Жэншчына паглядна і хароша,
Кажа, што купіла б боты новыя,
Каб, як ты, такія мела грошы.
Помніш, як мінулаю суботаю,
Цёця Галя юбілей спраўляла?
Ты ж туды махлачкаю прыперлася,
Нават вусны не нафарбавала…
А ў астатнім — ты мне падабаесься.
На вінішча грошай не шкадуеш,
І на кухні спрытна завіхаесься,
І кватэру ўласную будуеш.
На абедзе ўсе пра нас спрачаюцца,
Ды ніяк у думках не сыдуцца:
Кранаўшчыца Сьвета кажа — сойдуцца.
Вартаўнік Валера — разыдуцца.
- * * *
- Я п’ю віно на пару з ружай,
Сілы дасьць яно журбу адужаць.
- Цьвітуць ля выканкаму ружы,
Нібыта п’юць людзкую кроў
Ну, як жа мне журбу адужаць,
О, каралеўна маіх сноў!
Абцасаў стук, нібы прынада.
Аж дрыжыкі пайшлі ў грудзях,
Але ў цябе — аўто, пасада.
А я з лапатай і ў тапцях.
Твая прычоска, нібы цэбар.
І золата вісіць паўсюль.
А я граблямі лісьце грэбаў,
І рукі не памыў дасюль…
Райвыканкамаўская ружа!
І ты адна — і я адзін,
Ды не дае мне зь месца рушыць
Ня наш блакіт чужых ялін!..
У кіраўнічых калідорах
Абцасаў стук раптоўна зьнік,
А я пасунуўся паволі
Грузіць гальлё на грузавік.
- * * *
- Былі часы, былі бяседы…
Гулі, ды так, што будзь здароў!
На нефармальныя банкеты
Радзіма клікала сыноў.
Узяўшы чарку за абедам,
Ты верш на мове прачытаў.
Казаў — навек, казаў — прыеду,
Казаў — адзіную спаткаў!
Пасьля талеркі паляндвіцы
Пайшла другая чарка ў рот,
Душа зайшлася ў захапленьні —
Вось вершы! Вось дык патрыёт!
А ты пасьля на ўсё забыўся…
Было спаткацца не з рукі:
Ці то гарэлачцы скарыўся,
Ці пераблытаў цягнікі.
Я ўсю вясну цябе чакала,
Нібыта дожджычка ў чацьвер.
Ажно схуднела — так кахала!
Дарэмна — думаю цяпер.
Раёнка напісала двойчы —
Няма, як быццам, іншых тэм —
Той, праз каго ня спала ўночы,
Стаў на чале БРСМ.
Я пра каханьне не шкадую.
Ты сам сябе і пакараў!
А толькі на адно крыўдую:
Нашто на мове верш чытаў?